Загадчык аддзялення кансультацыйна-педыятрычнай дапамогі Добрушскай ЦРБ упэўнены: надышла восень – пачынай прафілактыку рэспіраторных інфекцый

У чаканні прыёму раённага педыятра Вячаслава Шыка – дабрушане ўсіх узростаў. У адным куточку падлеткі з тэмпературай абмяркоўваюць зада­дзенае на дом, у іншым устрывожаная маці з малым на руках.

Знаёмімся: дабрушанку завуць Ірына Грамыка, яе сыночка – Святаслаў.

– Упершыню захварэў, таму перажываю. Што скажа доктар? – турбуецца суразмоўніца.

Але на твары гараджанкі тут жа ўспыхвае палёгка, калі маленькага пачынае аглядаць малады спецыяліст. Так, Вячаслаў Шык толькі другі год, як уліўся ў калектыў цэнтральнай раённай бальніцы. Але, здаецца, ужо знайшоў тут сваё месца.

– Нарадзіўся і вучыўся я ў Гомелі, – кажа мужчына ў белым халаце, акуратна правяраючы рэфлексы маленькага пацыента. – Там жа ажаніўся і разам з жонкай размеркаваўся ў Добруш. Работа з дзецьмі і, асабліва, з бацькамі, патрабуе добразычлівасці. Якім бы ты ні быў дасведчаным у тэорыі, людзі цягнуцца да спецыяліста з клопатам у вачах.

Вячаслаў Шык падкрэсліў: для яго важна не толькі вылечваць хворых, але і напамінаць бацькам аб прафілактыцы сезонных хвароб (дарэчы, самы час яе ажыццяўляць), і спрыяць таму, каб дзеці ўсміхаліся. Мяркуючы па тым, што з кабінета ўрача Ірына Грамыка са Святаславам пайшлі задаволеныя, місію загадчык аддзялення выконвае ўдала.

 

Фото Евгения УСТИНОВА