Пакуль іх аднагодкі толькі адкрываюць вочы ў сваіх ложках, не ведаючы, чым зоймуцца далей, сельскія падлеткі ўжо гадзіну-дзве на нагах.
– Расклад лагера працы і адпачынку складзены такім чынам, каб нашы дзеці адначасова маглі і папрацаваць у гаспадарцы, зарабіўшы першыя ўласныя грошы, і адпачыць ад школьных заняткаў, – расказала дырэктар Пераростаўскай базавай школы Таццяна Самойленка. – З ранку яны прыходзяць у школу, снедаюць, а ўжо пасля адпраўляюцца ў мясцовае сельгаспрадпрыемства «Калінінскі». Дарэчы, пасля першага ж дня пацікавілася ў рабят, як ім «дарослае» жыццё, і атрымала аднадушны агульны адказ: «Нам падабаецца!»
Пасля работы школьнікі зноў падсілкоўваюцца, а потым у іх ёсць час на валанцёрства (усе пераростаўскія наведвальнікі лагеру працы і адпачынку ўваходзяць у школьны атрад «Міласэрнасць»), культурныя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы і зносіны з сябрамі. Нават вывучэнне гісторыі малой радзімы.

Вось і падчас візіту журналістаў у вёску падлеткі не сядзелі склаўшы рукі, а прыбіралі брацкае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. Падыходзім да дзяўчынкі, што старанна падмятае вакол помніка.
– Сама захацела запісацца ў лагер, – расказала Віялета Талкачова. – У маці нас трое. Старэйшы брат паступае ў каледж, малодшага ўжо пачынаем збіраць у трэці клас, клопату хапае. А хочацца ж на свае «пажаданкі» знайсці капеечку. Планую з заробку прыдбаць новае адзенне на лета і, калі выйдзе, на наступны школьны сезон. Яшчэ куплю неабходнае для манікюру, з’езжджу ў Гомель пагуляць з сябрамі… Планаў многа! Адпачыць? Дык я цяпер адпачываю! Урокі вучыць не трэба, амаль увесь час праводзім на свежым паветры, ёсць магчымасць пагаварыць з аднакласнікамі на любыя тэмы. Гэта «перазагрузка» яшчэ лепшая, чым скролінг лент у сацсетках.
І не толькі перазагрузка, але і магчымасць даведацца аб мінулым Перароста. Тут, каля, брацкай магілы, усталявана спецыяльная таблічка з QR-кодам. Толькі падносіш да яго смартфон – і вось перад табой гісторыя помніка і баявы шлях тых, хто тут знайшоў спакой.
– Дзейнасць лагера працы і адпачынку накіравана на набыццё дзецьмі практычных працоўных навыкаў, прыцягненне да грамадскай карыснай дзейнасці, стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызначэння і, абавязкова, у раскладзе ёсць патрыятычныя акцыі, – адзначыла дырэктар школы. – Я лічу, што, чым бы ні займаўся вучань зараз, якую б спецыяльнасць ні атрымаў у будучым, кожнаму з нас трэба адчуваць сваю прыналежнасць да нацыянальнай гісторыі, традыцый. Бо ў беларусаў годнасць за сваё – у крыві.
Фота Яўгена УСЦІНАВА
