– Лес для мяне – гэта не пра цішыню і спевы птушак, – з пазітывам адзначае суразмоўніца. – Але, калі гэта ўдаецца падчас інспекцый насаджэнняў, пераводу іх у пакрытыя лесам землі, атрымліваю натуральную асалоду ад сваёй справы. Толькі ўсё ж лесу патрэбны энергічныя людзі, бо прафесія шматзадачная. Дзень тут насычаны даручэннямі літаральна кожную хвіліну. Вось тэлефанавалі з нагоды нарыхтоўкі дроваў для адной з гарадскіх школ. Тэма надзённая, марудзіць нельга, таму вырашым пытанне хутка.
Часова да асноўнай работы дзяўчыны дадаліся і абавязкі ляснічага. Яна кантралюе работу ўсіх 15 калег і 17 тысяч гектараў ляснога масіву.
На парадку дня ў выпускніцы Гомельскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і студэнткі завочнага аддзялення ГДУ імя Францыска Скарыны – тое, што турбуе ўсіх работнікаў галіны: рубкі догляду і рубкі асвятлення, распрацоўка бураломных участкаў. А пасля таго, як дзяўчына знімае ўніформу, з задавальненнем пераапранаецца ў іншую, спартыўную. Ангеліна – першая сярод калег рэгіёна па настольным тэнісе, трэцяя – па лыжных гонках.
– Таксама мне падабаецца гуляць у валейбол, а калі ёсць жаданне правесці спакойны вечар дома, бяру ў рукі пяльцы, – расказала памочнік ляснічага. – А напярэдадні, на святочным канцэрце да Дня работнікаў лесу, мне ўручылі ўзнагароду ад галіновага прафкама вобласці. Прыемна і дае стымул працаваць з яшчэ большым запалам.
