Час для гутаркі з Таццянай Бяспятай мы не падгадвалі, але завіталі на пошту падчас сарціроўкі свежай прэсы.
– Машына з Гомеля толькі-толькі выгрузіла нам часопісы і газеты, – усміхаецца паштальён. – Абавязкова правяраем кожны стосік: ці дакладную колькасць экзэмпляраў паклалі, ці на патрэбнае аддзяленне іх перадалі. Пасля бяру ў рукі асабісты хадавік. Гэта такі «планер паштальёна», у якім мы бачым, якое выданне выпісалі на які адрас. Для зручнасці ў рабоце пішам на кожным экзэмпляры вуліцу і нумар дома, кватэры. І можна ў дарогу, да землякоў.
Таццяна Бяспятая працуе ў церахоўскім аддзяленні пяць гадоў. Але спецыфіка працы яе не пужала ні ў дзень працаўладкавання, ні цяпер. Справа ў вопыце, як запэўнівае сяльчанка.
– Калі працавала прадаўцом у мясцовым магазіне, навучылася знаходзіць падыход да людзей розных узростаў і іх запатрабаванняў, – тлумачыць суразмоўніца. – І тут таксама. Стараюся прапанаваць землякам тое, што ім патрэбна. Напрыклад, нядаўна да тых, хто выпісвае раённую газету, далучылася пенсіянерка Святлана Шышова. Па маіх парадах ды водгуках сяброўкі – даўняй падпісчыцы – перайшла на мясцовыя навіны і ўжо адзначыла: абавязкова летам яшчэ раз на паўгода квітанцыю аформіць. Да таго ж можна і ў традыцыйнай акцыі ад «ДК» паўдзельнічаць.
