Марыя Котава з Перароста – пра «заканамернае» жыццё, работу ў тэмпе хуткаснага цягніка і важнасць самадысцыпліны

Працуе карэнная жыхарка Перароста на «Комплексе» сельгаспрадпрыемства «Калінінскі». Ужо дзясяты год. Раней тут даглядалі жывёл яе бацькі…

– Я з той катэгорыі людзей, якія дзе нарадзіліся, там і спатрэбіліся, – гаворыць жанчына ў чысцюткім блакітным халаце і белай хустцы. – У горад не імкнулася. Душа не цягне. Ну што ў кватэры? Зямля толькі ў гаршку на падаконніку, а малако з халадзільніка ды ў пластыкавай пляшцы. А я нарадзілася ў вёсцы, вакол усё мне блізкае. Звыкла і да размеранага ладу, і да работы ў агародзе, і да ранніх пад’ёмаў. А калі так, чаму б не пайсці на ферму?

Сюды жанчына ўладкавалася пасля дэкрэтнага водпуску. Сёння сыну Кірылу дзесяць гадоў, хлапец жвавы, цікаўны, мамін памочнік. А вось на сваім рабочым месцы Марыя спраўляецца сама і адразу з дзясяткамі жывёл. Як паспяваць і ацёлы прыняць, і дарослых асобін дагледзець?

– Трэба правільна планаваць работу, – упэўнена суразмоўніца. – І прытрымлівацца самадысцыпліны. Каб тры разы падаіць пагалоўе, я ў галаве выбудоўваю спіс спраў і па парадку іх выконваю. Значную частку дня выдзяляю для навядзення чысціні і парадку ў даільнай зале, памяшканнях, дзе ўтрымліваюцца жывёлы.

– Ці цяжка навучыцца работаць з даільным абсталяваннем? – цікавімся мы. – Здаецца, каб «апанаваць» гэты аграгаджэт, патрэбны спецкурсы.

– Не, – запэўнівае Марыя Котава. – Гэта як навучыцца ездзіць на веласіпедзе. Адзін раз зразумееш прынцып, а далей толькі хуткасць рухаў нарастае.

Кіраўніцтва гаспадаркі аператара машыннага даення хваліць, калегі паважаюць, а жывёлы паслухмяна падстаўляюць бакі пад яе клапатлівыя рукі.