Не паспела ветфельчар Паліна Пуцінцава прыйсці на «Комплекс» (усяго тры тыдні працуе), а пра дзяўчыну ў калектыве ўжо гавораць. І толькі станоўчае.
– Абавязкова напішыце пра Паліну! – просіць галоўны заатэхнік пераростаўскай гаспадаркі Алена Лоева. – Бачна, што яна вельмі клапатлівая да статку, адказная, тэорыяй нядрэнна валодае. Толькі сарамлівая такая! Але абавязкова трэба паказваць такіх дзяўчат. І стымуляваць моладзь выбіраць нашу патрэбную людзям прафесію.
Паліну Пуцінцаву заспелі ў хляве побач з каровай, якая толькі ацялілася.
– Так, карціна замілавальная, але я гляджу на сітуацыю іншымі вачыма. У першую чаргу ацэньваю стан цяляці і каровы, праводжу неабходныя працэдуры, планую вакцынацыі, – расказала малады спецыяліст. – Упершыню ўбачыла нараджэнне цяляці, яшчэ калі была на практыцы ў Смаргонскім раёне. Тады ж вопытная калега па пунктах расказала, як праводзіць дэзынфекцыю пупка, узважванне, біркаванне. Такім чынам інфармацыя, якую з дня ў дзень вывучала ў Рэчыцкім аграрным каледжы, стала для мяне «жывой». Не проста параграф трэці ці пяты, а веды, якія дапамагаюць жывёлам.
Дарэчы, любоў да братоў нашых меншых ва ўраджэнкі райцэнтра з’явілася тады ж, калі яна ў падлеткавым узросце знайшла каля дома шчаня. Сабаку назвалі Мацільдай, і ўжо восем гадоў ён самы верны сябра і спадарожнік Паліны ў прагулках па райцэнтры. Так знаходка падштурхнула суразмоўніцу да выбару ветспецыяльнасці.
– На «Комплексе» сачу за станам амаль 1700 жывёл, – адзначыла ветфельчар. – І, калі шчыра, больш цікавіць мяне хірургія. Падумаю, можа і паступлю ў ветакадэмію, каб стаць профі ў гэтым. Але зараз, у першыя дні ў прафесіі, звыкаю да рытму працы на ферме, асвойваю дом ад гаспадаркі, у якім жыву са сваёй былой аднагрупніцай. Каця таксама размеркавалася ў «Калінінскі», таму побач заўсёды чалавек, з якім можна і пагаварыць на прафесійныя тэмы, і камедыю паглядзець, каб адпачыць пасля напружанага дня.
