Майстар «пякучага» слова: асноўнае з біяграфіі самага сатырычнага драматурга краіны і самага запамінальнага байкапісца школьнай праграмы

Асобнага музея, прысвечанага Кандрату Атраховічу (сапраўднае імя літаратара) у Беларусі няма. Таму значная частка дакументаў, прысвечаных яму, захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

З яго матэрыялаў высвятляем наступнае: «Народны пісьменнік Беларусі, драматург, паэт, празаік, мовазнаўца, грамадскі дзеяч Кандрат Крапіва нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Нізок Уздзенскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці). У 1913 годзе здаў іспыты ў Мінскай мужчынскай гімназіі і атрымаў пасведчанне на званне настаўніка пачатковых вучылішчаў з правам выкладання ў вясковых двухкласных вучылішчах Міністэрства народнай асветы. Каля года працаваў настаўнікам, пакуль хлопца не забралі ў вой­ска. Там будучы класік быў накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў каля Санкт-Пецярбурга, а пасля яе заканчэння – на румынскі фронт».

Да мірнай прафесіі Кандрат Атраховіч вярнуўся толькі на некалькі гадоў. Войска – дом, дом – армія. Кандрат Крапіва – удзельнік чатырох войнаў.
Па архіўнай інфармацыі, літаратурную дзейнасць пісьменнік пачаў у 1922 го­дзе. Першы сатырычны твор на беларускай мове – верш «Сваты» – быў надрукаваны ў газеце «Савецкая Беларусь» 23 мая 1922 года. З гэтага часу Кандрат Атраховіч стаў Кандратам Крапівой (псеўданім узяты з аднайменнага верша).

Кандрат Крапіва актыўна ўключыўся ў літаратурнае жыццё. Спачатку ён быў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а потым – «Узвышша». З 1926 па 1930 гады Крапіва вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння ён цалкам аддаецца літаратурнай дзейнасці. Да гэтага ён быў ужо вядомы як аўтар сатырычных твораў «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Ганарысты парсюк».

Пачынаючы з 1933 года, асноўным відам літаратурнай творчасці пісьменніка стала драматургія. Бадай, самая знакамітая яго камедыя «Хто смяецца апошнім», прэм’ера якой адбылася ў 1939 годзе. Адна з апошніх п’ес Крапівы «Брама неўміручасці» была пастаўлена ў 1974 годзе.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавых газетах. У 1943–1945 гадах рэдагаваў выданне «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1947 годзе перайшоў на навуковую працу ў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР, дзе спачатку быў загадчыкам сектара мовазнаўства, а з 1952 па 1956 гады дырэктарам інстытута. У 1956 годзе быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. І ўвесь гэты час аўтар працягваў пісаць.

Памёр 7 студзеня 1991 года і быў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.