Ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС са Жгуні падзяліўся тым, што бачыў пры адсяленні вёсак Хойніцкага раёна

40 гадоў мінула з таго майскага дня, калі сяржант міліцыі Сяргей Машукоў пачуў у тэлефоннай трубцы голас начальніка: «Збірайся! Патрэбны міліцыянеры для аховы грамадскага парадку».

– Нас з калегамі з усёй вобласці накіравалі на адсяленне вёсак, што знаходзіліся ў 30-кіламетровай зоне вакол атамнай электрастанцыі, – распавёў жыхар Жгуні. – Вёскі Пагоннае, Дронь, Аровічы. Нам выдалі касцюмы хімічнай абароны. Мы заходзілі ў дамы сяльчан і прасілі іх спакойна, але хутка сабраць неабходнае і загружацца ў аўтобусы. Яны доўгай стужкай расцягнуліся на некалькі сотняў метраў уздоўж вуліц.

Перасяленцы пакавалі бялізну, каштоўнасці, дакументы і адпраўляліся на новае месца, што хутка будзе іх другім домам. А Сяргей Машукоў ра­зам з саслужыўцамі застаўся ў апусцелых, ужо ненаселеных пунктах яшчэ на шэсць дзён. Для аховы маёмасці, нясення дзяжурстваў.

Ураджэнец Добруша ўспамінае строкат верталётных вінтоў над галавой, галасы хатняй жывёлы, якую грузілі ў прычэпы ваенныя, і цёплае-цёплае майскае сонейка над галавой.

– Што такое радыяцыя, вяскоўцы не разумелі, не ўсе з ахвотай пакідалі абжытыя месцы. Тым не менш, эвакуацыя ішла ў нас размерана, хоць і былі тыя, хто парываўся схавацца ў падвале ці сене, – адзначыў суразмоўнік. – Мы тлумачылі людзям: пройдзе час – вернецеся. Чуў, што ў апошні час радыяцыйны фон змяншаецца, адселеныя тэрыторыі «ажываюць». Шмат зроблена, каб аздаравіць прыроду, насельніцтва. І я рады, што тады дапамог. Гэта ўвогуле ў крыві нашага чалавека – клапаціцца аб земляках і роднай зямлі.

Фота Яўгена УСЦІНАВА