Дзе напярэдадні праехаў на сеялцы Аляксандр Марфушкін з сельгаспрадпрыемства «Уцеўскае» Добрушскага раёна, там хутка ўзыдзе канюшына

Пакуль Ясь з народнай песні гэтую траву косіць, наш Аляксандр – сее. Аграрыя заспяваем не ў кабіне трактара, а з гаечным ключом у руках. Мужчына правярае насенняпровады.

– Так, з далечыні агрэгат для пасеву шматгадовых траў выглядае быццам васьміног, – усміхаецца суразмоўнік. – Але васьміног карысны: кожны яго выезд на палеткі дае ў будучым упэўненасць у забяспечанасці гаспадаркі якасным сенажом. І пакінуць частку ўраджаю на насенне, думаю, зможам. Так, у гаспадарцы пасяўны матэрыял гэтай культуры ўласны.

Дарэчы, акрамя спрадвечнай у беларусаў канюшыны, жывёлы перадавога сельгаспрадпрыемства будуць мець у рацыёне аўсяніцу, цімафееўку.

Усе 28 трубак-насен­ня­провадаў пасяўнога агрэгата ў парадку – час механізатару зноў вяртацца ў кабіну. Заданне на дзень – 75 гектараў.

Суразмоўнік кажа, што вясной сеў – яго асноўная работа. Бо ведае і любіць гэту справу.

– Закрываем грунтам канюшыну толькі на адзін сантыметр у глыбіню, – дзеліцца тонкасцямі тэхналогіі Аляксандр Марфушкін. – А першыя ўсходы прыйдзецца пачакаць. Гэтая культура – не хуткая, прарастае да двух тыдняў.

Усяго за новы аграсезон у «Уцеўскім» плануюць нарыхтаваць 15 тысяч тон травянога сенажу і тону сена.