Незвычайны арт-аб’ект адразу заўважылі гараджане. У той жа дзень на дне металічнай ёмістасці ў форме чырвона-зялёнага сэрца з’явіліся рознакаляровыя кругляшы. Першымі іх сюды прынеслі вучні 5 «Б» класа.
Як расказала намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Наталля Чабурка, яны нядаўна сталі піянерамі і вырашылі паўдзельнічаць у карыснай справе.
– Мы хочам, каб наш родны Добруш заўсёды быў прыгожым, – кажуць дзеці. – Каб жыхары не выкідвалі другасныя рэсурсы ў агульны кантэйнер. Сабраныя накрыўкі ад бутэлек можна здаць на перапрацоўку, з іх потым зробяць новыя прыгожыя рэчы.
Аб другім жыцці выкарыстанага пластыку вучням шмат расказвае на сваіх уроках настаўнік фізікі і працоўнага навучання Георгій Кавалюк. Арганізаваць у школе збор накрывак – яго ініцыятыва. Празрысты кантэйнер з арматуры – таксама яго рук справа. Дарэчы, зварка дэталяў з металу стала для яго першай спробай. Прычым, удалай.
– У гэтага «сэрца» ёсць сакрэт, – падзяліўся аўтар вырабу. – Па меры запаўнення кантэйнера становіцца ўсё больш прыкметным беларускі арнамент. Таму ідэя мае не толькі практычнае, але і выхаваўчае значэнне.
У тым, што яна спадабалася і школьнікам, і настаўнікам, няма сумнення. У рэдкіх кішэнях цяпер не ляжыць хаця б адна накрыўка. Папаўняць кантэйнер могуць і жыхары горада. Адзінае, аб чым просяць піянеры, – прытрымлівацца правілаў яго выкарыстання. Яны, дарэчы, змешчаны побач. А заклік «Зробім наш горад чысцейшым!» не пакіне нікога раўнадушным.
