Энерганасычаны «Беларус» Мікалая Вашчанкі з сельгаспрадпрыемства «Калінінскі» выехаў у поле адразу пасля таго, як камбайны ўбралі першыя гектары азімага ячменю. 8-корпусны плуг дазваляе механізатару за змену ўзараць больш за 20 гектараў глебы.
– Усяго ў актыве ў мяне каля 500 гектараў, – расказаў мужчына. – Як толькі звязуць з поля салому, надыходзіць час для маёй работы. І жніво, і ворыва, і сяўба азімых звычайна ідуць у адзін час. Тут важна не марудзіць.
Мікалай ведае кожны этап вырошчвання зерневых, зернебабовых культур і рапсу, што не здзіўляе: яго працоўны стаж налічвае 47 год. Мужчыне даводзілася працаваць і шафёрам, і камбайнерам. У 2019 годзе ён сеў за руль трактара.
– Трыццаць год прымаў удзел ва ўборачнай кампаніі як камбайнер, – узгадвае ён. – Аднак мой агрэгат спісалі, давялося саступаць месца моладзі. Але і на трактары падчас пасяўной адпачываць няма калі.
Цікава, што механізатар ужо каля 10 год знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Аднак дома сядзець не можа. Кажа, што і гаспадарцы дапамагчы патрэбна, ды і грошы ў сям’і лішнімі ніколі не будуць.
Між тым, рыхтаваць глебу да сяўбы рапсу пачалі ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна. У лідарах – «Абарона», якая ўзарала ўсе запланаваныя 500 гектараў глебы і прыступіла да сяўбы. Перавыканалі план у 200 гектараў і аграрыі «Кузьмінічаў». Набліжаюцца да фінішу ў ворыве і гаспадаркі «Баршчоўскі», «Уцеўскае», «Церахоўка-Агра», «Калінінскі».
Да слова, у апошняй гаспадарцы самы вялікі клін азімага рапсу – 900 гектараў. Усяго ж па раёне гэтую культуру запланавана пасеяць больш чым на пяці тысячах гектараў. Пакуль узарана 3,4 тысячы гектараў глебы
