Журналісты «Добрушскага краю» спыталі жыхароў раёна, якія ў іх адносіны з суседзямі

Людміла СТАРАЦІТАРАВА, бібліятэкар, Церахоўка:

– Суседзі ў мяне самыя лепшыя! Я іх вельмі люблю. І гэта на сам рэч. На сваёй вуліцы жыву трыццаць гадоў, і за гэты час большасць сямей не змянілася. З суседкай насупраць, Верай, мы даўно добрыя сяброўкі, з Алай – і прыяцелькі, і амаль калегі, бо працуем у адным будынку.

Ні разу за ўвесь час, што жыву ў Церахоўцы, у мяне не было канфліктаў з суседзямі. Нават сварак не было. Адносіны ў нас самыя шчырыя: і фірменнымі рэцэптамі дзелімся, і з рамонтам можам дапамагчы калі трэба, і за домам ды хатнімі гадаванцамі пасачыць, калі суседзі ў ад’ездзе.

Ведаю, што яны таксама заў­сёды могуць падзяліць са мной і гора, і радасць. Ганаруся імі!