Жыхары аддаленых населеных пунктаў Добрушскага раёна не хвалююцца пра забеспячэнне прадуктамі ў любое надвор’е

Мабільны магазін №9 Гомельскага аблспажыўтаварыства газетчыкі сустрэлі ў аграгарадку Карма. Марозным сонечным днём каля яго сабралася група мясцовых жыхароў.

Нам таксама стала цікава, што смачнае прывезлі і што карыстаецца попытам у сяльчан.

– Мне, калі ласка, малако, пачак гарбаты, дзіцячы сок і марозіва, – пакупніца Крысціна падала ў акенца аўталаўкі пластыкавую картку.

Пакуль прадавец праводзіла разлік, мы пацікавіліся асартыментам і зручнасцю такога спосабу абслугоўвання. Аказалася, у Карме ёсць два стацыянарныя магазіны, але многія жыхары чакаюць аўталаўку.

– Яна спыняецца насупраць майго дома, далёка ісці ў завіруху не трэба, – кажа адзін з пакупнікоў. – Прадукты свежыя, ёсць усё, што мне трэба.

У топе папулярных тавараў, па словах прадаўца Святланы Нядоступ, – ліверная каўбаса, крывянка, свініна, малочныя вырабы і корм для свойскай жывёлы. А ў пуцявым лісце вадзіцеля магазіна на колах – яшчэ некалькі населеных пунктаў: Леніна, Усохі, Альховае, Красная Буда, Дзмітрыеўка, у якой, дарэчы, жывуць толькі двое пенсіянераў. Дарогі расчышчаныя, за што работнікі выязнога гандлю ўдзячны кіраўнікам сельвыканкамаў і гаспадарак.

– А наогул, аўталаўка ў любым выпадку прыедзе да свайго пакупніка, бо мы ведаем: нас чакаюць людзі, іх нельга падвесці, – заўважае Святлана Нядоступ.