За дзень у Добрушскім раёне з’явілася адразу шэсць камбайнераў-тысячнікаў

Першым вадзіцелем, які перавёз тысячу тон зерня ў раёне яшчэ на мінулым тыдні, стаў Віктар Куляшоў з сельгаспрадпрыемства «Уцеўскае». Яго паказчык праз лічаныя дні паўтарылі яшчэ дзевяць вадзіцеляў і механізатараў.

На фінішы бягучага тыдня – зноў прыемная навіна: тысячнікамі сталі адразу шэсць камбайнераў. Запаветная лічба пакарылася Аляксандру Вінічэнку і Міхаілу Кажамякіну з «Абароны», Рыгору Мартыненку з «Кузьмініч», Сяргею Белавусаву з «Калінінскага» і Віктару Аўсяннікаву з «Баршчоўскага». Больш за тысячу тон зерня намалаціў і адзіны ў раёне экіпаж, у складзе якога ёсць жанчына, – тандэм Віктара Шавярняева і Марыі Лаханскай з «Баршчоўскага».

Старшыня райвыканкама Аляксандр Горбач і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алег Архіпенка павіншавалі тысячнікаў з рэкордам, уручылі ім кветкі і падарункі. А каб не марудзіць час, з механізатарамі яны сустрэліся ў полі, дзе і выказалі словы падзякі і пажаданні дасягнуць намалоту ў дзве тысячы тон.

Між тым, у раёне абмалочана 41,7 працэнта плошчаў зерневых з улікам рапсу, ці 11,9 тысячы гектараў. Намалочана больш за 30 тысяч тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 30,2 цэнтнера з гектара, што значна больш за мінулагодні паказчык. У лідарах па ўраджайнасці сярод гаспадарак – «Калінінскі» з паказчыкам 35,3 цэнтнера з гектара. На другім і трэцім месцах – гаспадаркі «Кузьмінічы» і «Баршчоўскі» з аднолькавым паказчыкам 33,7 цэнтнера з гектара.