З нагоды Дня сям’і ўладальніца ордэна Маці са Жгуні расказала, чаму яе родныя – яе натхненне

Калі Святлана Балобан гатуе сняданак, то ёй патрэбна ўлічыць смакі адразу васьмярых членаў сям’і, шасцёра з якіх – дзеці.

– Так, бацькі мае і мужа Яўгена з вялікіх сямей, але ў мяне самой толькі адна сястра, – расказала суразмоўніца. – Таму ніколі не ўяўляла сябе часткай такой немаленькай «каманды». Але была, чамусьці, мара: нарадзіць тройню. А цяпер у мяне два разы па тры!

Заўсёды ў віры падзей, маладая маці ледзь выкраіла час на размову з журналістам. Але ўсё роўна, не прайшло і хвілінкі, як з розных бакоў данеслася: «Мам! Мама!»

Па словах Святланы Балобан, колькі б ні было ў яе штодзённым спісе задач, дочкі і сыночкі гатовы заўсёды дапамагчы.

– У кожнага павінны быць свае, хоць і нескладаныя, абавязкі па хатняй гаспадарцы, – гаворыць жыхарка Жгуні. – Каб малыя адчувалі: усе мы разам павінны рабіць жыццё камфортным.

Для згуртаванасці існуюць у сям’і Балобан і ўласныя традыцыі. Напрыклад, штогод праводзіць прафесійную сямейную фотасэсію, ездзіць разам на рыбалку, каштаваць мамін медавік па фірменным рэцэпце на дзень нараджэння.

І на Дзень Перамогі Дар’я, Макар, Назар, Лілія, Мірон і Алівія таксама былі побач з бацькамі на ўрачыстым мітынгу каля сельскага мемарыяла. Каб гэтую агульную радасць дарослыя і маленькія маглі адчуць разам.