Убіралі хлеб і выхоўвалі дзяцей папернікаў

Зрэз жыцця жыхароў Добрушчыны ад 15 ліпеня розных гадоў.

1948 год

Работа камбайнаў

Усе 6 камбайнаў МТС ужо тры тыдні вядуць уборачныя работы ў калгасах.

Вялікую дапамогу ў правядзенні ўборкі хлябоў у калгасе «Южны» Крупецкага сельсавета аказвае камбайн, якім за два дні зжата і абмалочана 15 га жыта.

Бесперабойна ўбірае азіміну ў калгасе «Шлях сацыялізма» камбайн тав. Калініна. Калгаснікі адзначаюць высокую якасць вытвараемых камбайнамі работ.

П. Малашанка

Аксёнчыкаў не спяшаецца

Азімае жыта ў калгасе «Чырвоная рошча» Крупецкага сельсавета паспела настолькі, што ў паасобных месцах ужо перастаяла.

Між тым, праўленне калгаса на чале са старшынёй Аксёнчыкавым, абапіраючыся на дажджлівае надвор’е, не спяшаецца з фарсіраваннем тэмпаў уборкі. За чатыры дні зжата 13,5 гектара жыта. Патрэбна заўважыць, што якасць уборкі пажадана быць лепшай, таму што жнеі працуюць скопам, за якасцю не сочаць і поле ўсеяна калоссямі, якія не падграбаюцца.

Б. Лаўроў

1959 год

Крухмальшчыкі напярэдадні сезону

… Рыхтуючыся да перапрацоўкі новага ўраджаю бульбы і гародніны, добрушскія крухмальшчыкі прынімаюць рад практычных мер па механізацыі працаёмкіх працэсаў, па расшырэнню вытворчай плошчы і паляпшэнню якасці выпускаемай прадукцыі.

Так, напрыклад, закончан перавод асушаючых цэнтрафуг на індывідуальныя маторы, што дасць эканомію электраэнергіі звыш 200 кілават-гадзін штодзённа.
Заменена цэнтральная асадачная цэнтрафуга на новую больш дасканалую.

Вядуцца работы па механізацыі разгрузкі сыравіны, падаваемай у мыйку. Пры ажыццяўленні гэтага мерапрыемства завод будзе мець штогод звыш 10 тысяч рублёў эканоміі, а таксама значна аблегчыцца праца рабочых і палепшыцца культура вытворчасці.

Да пачатку сезону намечана пераабсталяваць, са змяненнем тэхналогіі станцыю перапрацоўкі тэхнічнага крухмалу.

В. Сапега, тэхнолаг крухмальнага завода

1981 год

Адпачываюць дзеці папернікаў

У піянерскім лагеры імя Лізы Чайкінай ва ўрочышчы Клёнкі на першым скліканні адпачывала больш 150 дзяцей рабочых і служачых фабрыкі «Герой працы». Тут створаны ўсе ўмовы для адпачынку рабят.

Ужо многа год начальнікам піянерскага лагера з’яўляецца перадавая рабочая сартавальнага аддзела папяровага цэха Тамара Пятроўна Мажанава. Піянерважатымі працуюць рабочыя фабрыкі Наталля Васільеўна Рамашка, Святлана Уладзіміраўна Бондарава і іншыя. У гэтым годзе на выхаваўчую работу запрошаны навучэнцы Лоеўскага педвучылішча.

(Наш кар.)