У Міжнародны дзень неўролага «ДК» завітаў у кабінет спецыяліста ў паліклініку Добруша

Пра свята, якое адзначаецца ў пачатку снежня, урач Таццяна Каякіна даведалася дзякуючы адной са сваіх пацыентак.

Жыхарка раёна прыехала ў райцэнтр, каб павіншаваць доктара, якому вельмі ўдзячна. У руках жанчына трымала букецік пяшчотных кветак, такіх жа бялюткіх, як медыцынскі халат. Марознік каўказскі расце ў палісадніку каля яе дома. Гэтай незвычайнай раслінай гаспадыня ганарыцца і даражыць, але для любімага ўрача не пашкадавала.

– Ведаю, што Таццяна Васільеўна любіць кветкі, – расказала пацыентка. – Вырашыла парадаваць яе.

Сюрпрыз удаўся. Доказ – шчырая ўсмешка ў вачах запатрабаванага спецыяліста. Наколькі важная гэта прафесія, мы даведаліся з кароткай размовы з Таццянай Каякінай. Аказваецца, выпускніца Гродзенскага медуніверсітэта прыехала ў наш горад па размеркаванні і затрымалася тут назаўсёды. Мае званне выдатніка аховы здароўя СССР, вышэйшую катэгорыю і шмат калег, для якіх стала вопытным настаўнікам. А яшчэ – павагу і давер людзей, якім прафесійна дапамагае працягваць працаваць, будаваць кар’еру, ствараць сем’і і выхоўваць дзяцей.

– Неўралогія – адна з самых складаных і шматгранных сфер медыцыны, – расказвае ўрач. – Мы дапамагаем людзям справіцца з галаўнымі болямі, парушэннямі сну, інсультамі, эпілепсіяй і іншымі станамі, якія негатыўна ўплываюць на якасць жыцця.

Аднойчы маці параіла ёй стаць спецыялістам, які лечыць радыкуліты, бо гэта вельмі распаўсюджаная праблема. Часу прайшло многа, а да яе па-ранейшаму часта звяртаюцца пацыенты, у якіх «прыхапіла» спіну. Кожны выпадак, па словах урача, патрабуе індывідуальнага падыходу.

Высакародную місію ад Таццяны Каякінай падхапіла яе дачка Кацярына, якая працуе ўрачом агульнай практыкі ў паліклініцы. Унук таксама скончыў медыцынскую ВНУ і паехаў па размеркаванні ў адзін з райцэнтраў Гомельшчыны.

– Людзям усюды патрэбны і лячэнне, і клопат, – кажа ўрач-неўролаг. – А наша задача – зрабіць так, каб пацыент не здаваўся, нават калі дыягназ складаны. Выздараўленне таго вартае.