Перад пачаткам рамонтных работ жыльцоў папярэдзілі і папрасілі вызваліць пляцоўку ад прыватных машын. Аўтаўладальнікі аднесліся з разуменнем: гэта ж робіцца для іх камфорту і парадку на прыдамавой тэрыторыі. Праўда, час «ікс» прыйшоў са спазненнем.
Неўзабаве стаянку зноў занялі. На гэты раз – спецыялізаванай тэхнікай і будаўнічымі матэрыяламі. Работнікі «Добрушскага камунальніка» часова перакрылі машынам уезд у двор, пляцоўку абгарадзілі сігнальнай стужкай.
– Бяспека – перш за ўсё, – тлумачыць майстар участка добраўпарадкавання «Добрушскага камунальніка» Яўгеній Алампіеў. – Клапоцімся не толькі пра сябе, але і пра людзей, якія ходзяць побач.
Многія жыхары назіралі за рамонтам з балконаў сваіх кватэр: яны даўно чакалі, пакуль чарга дойдзе да іх двара. Машын многа, месца мала, тратуар напаўразбураны – пра камфорт і размова не ішла. І хаця карэнных пераўтварэнняў тут не плануецца, пасля рамонту сітуацыя павінна змяніцца да лепшага.
– Выраўняем пакрыццё, установім бардзюры, каб машыны не ставілі на зялёную зону і блізка да гульнявой пляцоўкі, – расказвае майстар.
Дарэчы, спецыялісты працуюць з матэрыяламі, якія раней былі ў выкарыстанні. Бардзюры, напрыклад, – гэта старыя жалезабетонныя апоры ліній электраперадачы. Як запэўніў Яўгеній Алампіеў, у іх наладжана безадходная вытворчасць. Гэта дазваляе эканоміць сродкі і час. На пытанне, колькі дзён трэба, каб завяршыць рамонт аўтастаянкі па перыметры гэтага вялікага двара, суразмоўнік адказаў, што работы могуць замарудзіцца з-за пакінутых на паркоўцы аўтамабіляў жыльцоў дома. Калі ўсё пойдзе па плане, то аб’ект скора можна будзе здаваць у эксплуатацыю.