У Добрушскім дзяржаўным політэхнічным каледжы пачаўся прыём дакументаў для паступлення

Першыя жадаючыя заняць адно з 90 вакантных месцаў прыйшлі ва ўстанову ў панядзелак.

– Хачу, каб мой сын Яраслаў вучыўся менавіта тут, – падкрэсліла ў размове церахаўчанка Алена Воласава. – Ён будзе ўжо трэцім поварам-прадаўцом у сям’і. Яшчэ дзве мае пляменніцы выбралі мясцовы каледж. Яны толькі і расказваюць, якія тут добрыя выкладчыкі, майстры. Таксама часта адзначаюць, як цікава арганізавана пазавучэбнае жыццё вучняў у інтэрнаце. Таму прыйшлі да членаў прыёмнай камісіі адразу, як даведаліся аб пачатку асноўнай фазы ўступнай кампаніі.

Як адзначыў намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Дзмітрый Шчыпайла, у гэтым годзе, як і ў папярэднім, каледж набірае вучняў па трох спецыяльнасцях: «повар-прадавец», «электрагазазваршчык-вадзіцель», «электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання/слесар-рамонтнік/вадзіцель».

– Таксама ёсць абітурыенты, якія паступаюць да нас па мэтавых накіраваннях, – адзначыў суразмоўнік. – Дакументы ад выпускнікоў школ наша камісія прымае да 23 жніўня. Каб максімальна спрасціць працэс для абітурыентаў, размясцілі на сайце ўстановы адукацыі ўсю неабходную інфармацыю: ад спіса патрэбных дакументаў да часу работы прыёмнай камісіі. Абнаўленні – штодня. Так падлеткі і іх бацькі могуць у рэжыме анлайн сачыць за ўступнай кампаніяй.