У Добрушскім агракамбінаце «Новы шлях» спяшаюцца пасеяць рапс. Трэба ўкласціся ў аптымальныя тэрміны

Пра гэта мы пагаварылі з дырэктарам гаспадаркі Надзеяй Грышчанка, якую сустрэлі на ўскрайку ўзаранага поля каля вёскі Ясянкі.

– Жнівень – час для нас адказны і напружаны, – кажа яна, аглядаючы роўныя разоры, дзе неўзабаве з’явяцца першыя ўсходы масленічнай культуры. – Пакуль у раёне завяршаецца ўборка яравых збожжавых, думаем ужо пра ўраджай наступнага года.

Суразмоўніца падкрэсліла, што рапс, які па праве называюць «чорным золатам» добрушскіх палёў, патрабуе асаблівага падыходу і строгага захавання агратэхнічных тэрмінаў. Пасеяць яго трэба да канца месяца.

На палях гаспадаркі работа не проста кіпіць – імчыцца, як хуткі цягнік. Нават на размову з журналістамі ў механізатара Максіма Сідарэнкі – не больш за пяць мінут.

– Выкарыстоўваю любую пагодлівую хвіліну, – тлумачыць ён. – А з боку Церахоўкі хмары ідуць. Так што давайце лепш на «Дажынках» раскажу, як сезон прайшоў. А цяпер – працаваць трэба!

Справа аграрыя патрабуе ювелірнай дакладнасці: правільна наладзіць глыбіню заладкі насення, вытрымаць норму высеву, каб усходы былі дружнымі і дужымі.

– Рапс – культура капрызная, але вельмі перспектыўная, таму рады, што працую на такім «разумным» агрэгаце. Паглядзіце, у кабіне і камп’ютар, каб кантраляваць асноўныя параметры сяўбы, і кандыцыянер. Гэта ўжо для майго асабістага камфорту, – дзеліцца Максім. – Настрой баявы, бо ад выніку працы залежаць лічба ў зарплатным лісце і эканоміка ўсёй гаспадаркі.

Па словах кіраўніка, па заданні ў агракамбіната «Новы шлях» – засеяць рапсам 400 гектараў раллі. Аднак Надзея Грышчанка, як і перадавік-ігаўчанін, не мае намеру спыняцца на дасягнутым: у гаспадарцы плануюць не толькі выканаць, але і перавыканаць даведзенае заданне, павялічыўшы клін пад гэтую высокапрыбытковую культуру.

Тэмпы работ уражваюць: усяго некалькі дзён вяскоўцы ў полі, а рапсам засеяна ўжо 70 гектараў. Сеялка не працуе ў адзіночку. У полі таксама цэлы комплекс тэхнікі. Паралельна з пасяўной кампаніяй ідзе актыўная падрыхтоўка глебы: узворванне, унясенне мінеральных угнаенняў.

Кіраўнік агракамбіната адзначае, што ўсе неабходныя рэсурсы – насенне, тэхніка, угнаенні і паліва – у гаспадаркі ёсць. Упэўненасць у сваіх лю­дзях і ўстойлівае надвор’е без дажджоў пераконваюць у тым, што пасяўная кампанія пройдзе ў тэрмін.