Усяго некалькі тыдняў таму імя нашай гераіні ўжо з’яўлялася на старонках «Добрушскага краю». Гараджанка – адна з тых, каго назвалі лепшай па прафесіі, і яе здымак будзе змешчаны на раённай Дошцы пашаны. Таму, напярэдадні яе прафесійнага свята, мы пацікавіліся: які шлях прывёў Ірыну Скараходаву да сённяшніх перамог.
Па словах суразмоўніцы, тым, хто падштурхнуў яе абраць фізічную культуру справай жыцця, стаў бацька Васілій. Ён быў аматарам тайскага бокса і лічыў, што спорт – гэта абавязковы складнік жыцця гарманічна развітай асобы.
– Так сястра занялася валейболам, а я – мнагаборствам. Пасля перайшла на кіданне кап’я, – расказала суразмоўніца. – Мой першы трэнер, дарэчы, – зараз мая калега. Гэта Наталля Амеліна. І я сама выхавала за час працы ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе пецярых атлетаў, якія потым самі пачалі трэніраваць дзяцей. Адзін з такіх юнакоў цяпер – мой памочнік у правядзенні заняткаў і гарадскіх спартыўных спаборніцтваў.
Як атрымалася, што прыклад Ірыны Скараходавай натхняе і яе вучняў? Дабрушанка лічыць, што гэта, мабыць, таму, што яна верыць у кожнага свайго выхаванца, стараецца раскрыць прыродныя схільнасці спартсменаў. А яны, у сваю чаргу, стымулююць Ірыну Васільеўну самаўдасканальвацца.
– Мінулы год і пачатак бягучага – адны з самых прадуктыўных у маёй кар’еры, – адзначыла трэнер-выкладчык ДЮСШ. – Былі перамогі выхаванцаў і на міжнародных, і на рэспубліканскіх стартах па лёгкай атлетыцы. Таксама пачала асвойваць методыку выкладання новага для сябе віду легкаатлетычнай праграмы – кідання молата. Мой сын Дзяніс – фанат знакамітага Івана Ціхана, таму, як маці і трэнеру, мне хочацца дапамагчы яму ажыццявіць мару. Тую, што жыве ў душы кожнага будучага чэмпіёна.

