Размова аб мінулым і сучасным Беларусі адбылася ў раённым краязнаўчым музеі. У выставачнай зале памочнік пракурора Ганна Драбышэўская, настаўнік гісторыі гімназіі горада Ганна Гатальская, работнікі ўстановы культуры сустрэліся з вучнямі старэйшых класаў СШ №1 і гімназістамі.
Факты пра Рыжскі мірны дагавор, 18 гадоў у складзе Польшчы, вызваленчы паход Чырвонай арміі ў 1939 годзе нагадала работніца музея Наталля Доля. З энцыклапедычнай дакладнасцю захавальнік фондаў растлумачыла юным дабрушанам палітычныя і эканамічным матывы, што леглі ў аснову даваенных падзей, і назвала ўрачыстую дату ў беларускім календары актам гістарычнай справядлівасці.
Слова прадаставілі Ганне Гатальскай. Спікер эмацыйна расказала, чаму 17 Верасня стала святам такога ж маштабу, як Дзень Перамогі, Дзень Рэспублікі, чаму яго значнасць с кожным годам узрастае.
– Гэтая падзея дала магчымасць аднаму этнасу зноў жыць разам, у адной краіне. А гэта значыць, і гаварыць на адной мове, вучыцца ў школах без дыскрымінацыі на нацыянальнасці і многае іншае, – упэўнена Ганна Гатальская.
Аб тым, якія ўрокі трэба атрымаць грамадству, аналізуючы мінулае, школьнікі пагаварылі з памочнікам пракурора раёна Ганна Драбышэўскай. Па яе словах, важна быць неабыякавым, удзельнічаць у грамадскім жыцці, не словам, а справай даказваць сваю неабходнасць краіне.
Напрыканцы размовы школьнікі змаглі задаць пытанні выступоўцам, азнаёміцца з прымеркаванай да свята выставай аб знакамітых беларускіх дзеячах культуры ХХ стагоддзя.
Фота аўтара
Спікерамі размовы аб надыходзячым Дні народнага адзінства сталі Ганна Гатальская і Ганна Драбышэўская




