Сустрэчу з пісьменніцай арганізавалі крупецкія культработнікі

Творчае мерапрыемства зладзілі ў мясцовым Доме культуры. А ў якасці госця запрасілі таленавітую зямлячку, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганну Атрошчанка.

– Яна нарадзілася ў вёсцы Чырвоны Рог, скончыла Васільеўскую школу, – расказала «ДК» загадчыца Крупецкай сельскай бібліятэкі Кацярына Лазоўская, якая і стала ініцыятарам сустрэчы. – Да таго ж свае творы яна піша выключна па-беларуску, а наша мерапрыемства якраз было прымеркавана да тыдня роднай мовы.

Слухачамі сталі мясцовыя школьнікі – на дзіцячую аўдыторыю разлічана значная частка вершаў і прозы Ганны Атрошчанка. У яе творчым багажы ёсць і пейзажная лірыка, і вершы пра малую радзіму, і патрыятычная, і рамантычная паэзія, і апавяданні пра вясковае жыццё.

Госця сустрэчы расказала юным жыхарам Крупца пра свае няпростыя жыццёвыя шляхі-дарогі: аб працы на будоўлі ў Тальяці, супрацоўніцтве з абласной газетай «Гомельская праўда», аб журналісцкай дзейнасці, якая звязана са шматтыражкай аднаго з гомельскіх заводаў і, канечне, пра сваю літаратурную творчасць.

Школьнікі з цікавасцю слухалі выступленне пісьменніцы, урыўкі з яе твораў, а потым задалі ёй мноства пытанняў. Напрыклад, пра тое, як яна зразумела, што ў яе ёсць мастацкі густ і творчыя здольнасці, чым ёй так падабаецца родная мова, што Ганна Атрошчанка на ёй размаўляе не толькі сярод калег і прыхільнікаў яе таленту, але і ў звычайным жыцці. Аказалася, што беларускую мову яна старанна вывучала яшчэ ў школе, а калі аказалася ў чужым краі, ёй вельмі не хапала роднага слова, добрушскіх краявідаў, нашых песень. Дарэчы, на некаторыя вершы паэткі таксама напісана музыка. Таму што яе лірыка кранае чысцінёй, яна пранізлівая, светлая. І шчырая, як сама аўтар.

Фота прадастаўлена Крупецкай бібліятэкай