Што адбываецца ў Уцеўскай сярэдняй школе Добрушскага района ў апошні месяц летніх канікулаў

Сваё смачней і карысней

Агуркі – у кошыку, цыбуля – на прасушцы, памідоры даспяваюць у цяплічцы. Юныя аграбізнесмены з Уцеўскай сярэдняй школы збіраюць вырашчаны сваімі рукамі ўраджай. Экалагічна чыстая вітамінная прадукцыя выкарыстоўваецца ў сталоўцы ўстановы адукацыі. З яе гатуюць свежыя салаты і іншыя стравы для наведвальнікаў летніх лагераў. Тут яны традыцыйна распачы­наюць работу ў жніўні.

– На мой погляд, зараз для гэтага найлепшы час, – заўважае дырэктар школы Ганна Станкевіч. – І дзеці, і педагогі паспелі адпачыць ад заняткаў, засумаваць па аднакласніках і калегах. Да таго ж, у калідорах не пахне фарбай – рамонтныя работы даўно завершаны, пашпарт гатоўнасці да пачатку новага навучальнага года мы атрымалі. Яшчэ адзін аргумент – дзецям ёсць чым заняцца. Напрыклад, вялікі прышкольны ўчастак патрабуе штодзённага догляду.

Тут і бульба, і морква з буракамі, і мора кветак. На жаль, капуста, па словах Ганны Станкевіч, сёлета «падкачала». Астатняй агародніны атрымаецца столькі, што хопіць на школьныя патрэбы і не толькі. Частку ягад дзеці паелі прама з кустоў, а кампоты і асвяжальныя морсы з парэчкі п’юць і сёння. Уся прадукцыя, вырашчаная на ўчастку, прайшла ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі абавязковы кантроль на ўтрыманне нітратаў і радыенуклідаў. Усё бяспечнае і смачнае! Талеркі пасля абеду застаюцца практычна чыстымі, а значыць, стравы з дамашняй агародніны з зелянінай ад школьнага «шэф-повара» прыйшліся да смаку.

«Кантакт» любой справе рады


Добраму апетыту наведвальнікаў працоўнага лагера спрыяе і ўдзел у добраўпарадкаванні аб’ектаў мясцовага сельгаспрадпрыемства. Штогод «Уцеўскае» прымае на часовую аплачваемую работу юных памочнікаў. Сёлета ў працоўным лагеры «Кантакт» – сем вучняў будучага 8 класа. Падлеткі выконваюць нескладаныя даручэнні па навядзенні парадку на вытворчай тэрыторыі.

У адзін з нядаўніх дзён атрад школьнікаў фарбаваў металічныя канструкцыі ўздоўж прахода ў жывёлагадоўчым памяшканні на комплексе.

– Праўда, стала больш светла і прыгожа? – радуецца выніку школьніца Валерыя Саўчанка.

Іншыя ўдзельнікі атрада таксама не сумняваюцца, што робяць патрэбную справу. За некалькі дзён паспелі вымыць вокны, прапалоць клумбы. У штатных работнікаў гаспадаркі сур’ёзных клопатаў хапае, але ім таксама хочацца, каб вакол быў камфорт. Вось «Кантакт» і прыйшоў на дапамогу.

– Працуюць з агеньчыкам, – кажа пра сваіх выхаванцаў педагог Іна Кечка. – Дысцыпліна таксама на ўзроўні: не спазняюцца, не лянуюцца. Летні лагер наведваюць з задавальненнем, бо тут цікава. І папрацуюць, і смачна паабедаюць, і весела правядуць вольны час.

А яшчэ прыгледзяцца да сельскагаспадарчай прафесіі. Не ўсе ж пасля школы ў горад мараць паехаць, хтосьці выбірае жыццё ў вёсцы.

– Мае бацькі працуюць у мясцовым сельгаспадпрыемстве, – расказвае Валерыя Саўчанка. – Раней не задумвалася, наколькі цяжка, не заўсёды разумела, чаму яны прыходзяць дадому стомленыя. А цяпер паважаю іх яшчэ больш. І рада, што набываю жыццёвы вопыт ды яшчэ і дапамагаю крыху зэканоміць сямейны бюджэт: на некаторыя пакупкі да школы зараблю сама.