Школьныя бібліятэкі Добрушскага раёна завяршаюць выдачу падручнікаў

Па графіку СШ №3 Добруша ў дзень нашага візіту за каштоўным багажом прыйшлі дзесяцікласнікі. Бібліятэкар Алена Шынкарова загадзя расклала кнігі па стосіках, каб нічога не забыць і не губляць часу, якога і так да пачатку навучальнага года амаль не засталося.

– Канікулы правялі цудоўна, – дзеляцца наведвальнікі бібліятэкі. – Адпачылі, атрымалі шмат уражанняў і па школе паспелі засумаваць.

Ігар Ляшкоў расказаў, што ўлетку актыўна займаўся рознымі відамі спорту, яму падабаецца працаваць над сабой, самаўдасканальвацца. Іван Панфілаў і ў вольны ад вучобы час не забываў пра біялогію – гэта яго любімы школьны прадмет. Аднакласніца хлопцаў Ганна Клачкова і ў агародзе папрацавала, і на моры пабыла. А пасля добрага адпачынку можна і за парту: усе трое маюць намер атрымаць сярэднюю, а потым – і вышэйшую адукацыю.

– Калі першы раз трымаеш у руках новенькі падручнік, гэта выклікае асаблівае пачуццё. Новага, невядомага, цікавага, – разважаюць старшакласнікі, складваючы ў рукзакі камплекты з 17 экзэмпляраў.

Дарэчы, у 2025 годзе падручнікі па геаметрыі, хіміі, біялогіі і некаторых іншых прадметах былі перавыда­дзены. Наогул жа, па словах Алены Шынкаровай, тэрмін службы кніжкі складае пяць год. Вучні карыстаюцца акуратна, бо разумеюць, што потым падручнікі трапяць у рукі наступных карыстальнікаў. І бацькоў паважаюць, якія за школьны набор уносяць грашовую плату. Праўда, не ўсе. Каля 20 вучняў СШ №3 вызвалены ад такога абавязку, яшчэ для больш за 50 рабят са шматдзетных сем’яў сума зніжана напалову. Самі ж веды, як лічаць педагогі, бясцэнныя. Іх трэба зарабіць.