Акцыя, арганізаваная Міністэрствам адукацыі, прайшла ў чацвёрты раз. Паўдзельнічаць у ёй маглі ўсе, каму цікавая гісторыя роднай краіны, хто ведае і любіць беларускую мову.
Незадоўга да вызначанага часу – 16 верасня ў 11.00 – падключылася да анлайн-трансляцыі ў тэлеграм-канале Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра. Здавалася б, гэта не экзамен, ацэнку ніхто ставіць не будзе, тым не менш, хвалявалася. І вось на экране з’явіліся кадры з Мінска, на якіх – Нацыянальная бібліятэка Беларусі, святочнае афармленне вуліц сталіцы. Першае, што адчула, – гонар за сваю краіну – такую прыгожую, светлую, шчырую.
У ролі “настаўніка” беларускай мовы – дыктар тэлебачання і радыё Андрэй Максімаў. Сур’ёзны выгляд, прыемны погляд, строгі касцюм з белай кашуляй, планшэт у руках – пачалося! Як і належыць, спачатку праслухала інфармацыю і ўвесь тэкст дыктанта пад назвай “Дзень народнага адзінства”. І быццам думкамі перанеслася ў тыя далёкія часы, калі беларускі народ быў раз’яднаны. Гэтае слова, напэўна, было самым складаным для напісання. Цяжкасці маглі выклікаць таксама геаграфічныя назвы: напрыклад, “Заходняй Беларусі” пішацца з вялікіх літар, а “заходняя” частка Беларусі – з малой. У напісанні пасады і імя Кіраўніка нашай дзяржавы, думаю, не памыліўся ніхто. У астатнім, на мой погляд, усё было проста і зразумела.
Праўда, за дыктарам ледзь паспявала: хацелася ж пісаць прыгожа. Аказалася, за гады працы журналістам мой ранейшы каліграфічны почырк сапсаваўся. Ды яшчэ і якасць сувязі падчас трансляцыі была не вельмі ўстойлівай: месцамі тэкст гучаў неразборліва, аднавіць фразу дапамагала тое, што дыктар паўтараў яе некалькі разоў. Выручалі і веды пра падзею, якой быў прысвечаны рэспубліканскі дыктант.
Тэкст доўгі, налічыла больш за 400 слоў, з якіх склалася “карціна” пра патрыятызм, захаванне гістарычнай памяці, жаданне нашага народа жыць у міры адной вялікай сям’ёй. Галоўная думка – у адзінстве наша сіла. А найбольш запомнілася яркае выказванне Прэзідэнта аб сутнасці дзяржаўнага свята, якое мы адзначаем 17 верасня. Цытую на памяць: “Дзень народнага адзінства сімвалізуе непарыўную сувязь пакаленняў, сілу духу беларускага народа і яго нястомнае імкненне жыць у сваёй дзяржаве і на роднай зямлі”.
…Трансляцыя завершана, дыктант напісаны, а на душы – прыемна ад таго, што праверыла і папоўніла свае веды, далучылася да маштабнай акцыі. Дарэчы, узровень свайго валодання беларускай мовай можна было праверыць самастойна: крыху пазней тэкст дыктанта быў апублікаваны на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах. У сваёй працы знайшла адну пунктуацыйную памылку ды невялікую памарку. Ідэальна і не трэба. Галоўнае – што выказала сваю любоў да Радзімы і стала часткай агульнай справы.