Раніца ў сельгаспрадпрыемстве “Уцеўскае” Добрушскага раёна выдалася святочнай. Нагода – поспехі мясцовых хлебаробаў

Шанаванне лідараў жніва зладзілі на тэрыторыі мехдвара, пакуль работнікі рыхтаваліся да выхаду ў поле. Для старанных працаўнікоў адміністрацыя і прафкам падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў. Гэта і салодкі стол, і сувенірныя бірулькі з выявамі тэхнікі, якой яны кіруюць, і матэрыяльная выплата за кожную намалочаную тысячу.

– За паказчыкамі не надта сачу, – прызнаецца ў гутарцы з журналістам камбайнер Мікалай Белябнёў. – Раблю сваю справу добрасумленна, даглядаю тэхніку, работы не баюся, у сельскай гаспадарцы ўжо 17 год, і жонка працуе ветурачом, так што дома ў нас поўнае ўзаемаразуменне.

І ўсё ж суразмоўнік не хаваў, што такая ўвага яму прыемная. З добрым настроем прыйшлі на свята і яго калегі. Да рэкардсменаў жніва звярнуўся дырэктар “Уцеўскага” Арцём Леванцоў:

– Гэта нялёгкая праца, аднак дзякуючы вам жніво ідзе высокімі тэмпамі, ёсць і вынікі, якімі мы ганарымся. Мяркуючы па іх, можна сцвярджаць, што на ўборцы збожжа ў нас працуюць высокакваліфікаваныя работнікі, якім любыя задачы па плячы.

Кіраўнік гаспадаркі ўручыў пераходны кубак камбайнеру Дзмітрыю Сарокіну, які першым дасягнуў тысячнага намалоту. У яго ёсць перспектыва стаць і дзвюхтысячнікам.

– Буду імкнуцца, – коратка адказаў ён, прымаючы ўзнагароды.

Удзячнасці і падарункі атрымалі ў той дзень таксама камбайнеры Канстанцін Хузееў, Андрэй Раманенка, Антон Гроднікаў. 25-гадовага аграрыя Вячаслава Мацюшова з працоўным дасягненнем павіншавала яшчэ і першы сакратар райкама БРСМ Надзея Бакіева. У ліку перадавікоў – вадзіцелі Дзмітрый Шумігай, Віктар Куляшоў, Віктар Бандарэнка і трактарыст Аляксей Баброў, якія перавезлі амаль па тры тысячы тон зерня.

Удзячныя пісьмы героям хлебнай нівы ўручыла старшыня раённай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Мельнікава. Сваю павагу да працаўнікоў палёў выказалі і іншыя госці ўрачыстасці.

– Ганаруся, што ў гаспадарцы такі згуртаваны калектыў, – адзначыла старшыня Уцеўскага сельвыканкама Валянціна Досава. – Толькі людзі, якія шчыра любяць сваю зямлю, здольны працаваць на ёй з поўнай самааддачай.

Гэту думку падтрымалі сваімі песнямі ўдзельнікі народнага вакальнага калектыву “Аколіца” з Церахоўкі. Пад іх заклік жыць і радавацца героі свята занялі месца ў кабінах камбайнаў і грузавікоў і адправіліся на палеткі: час не чакае!

Фота Яўгена УСЦІНАВА