Па меры таго як вясна ўваходзіць у сілу, набіраюць тэмп палявыя работы. Сельгаспрадпрыемствы раёна вядуць падкормку зерневых, вываз арганікі, унясенне мінеральных угнаенняў, закрыццё вільгаці і падрыхтоўку глебы пад сяўбу.
Напрыканцы мінулага тыдня чатыры гаспадаркі раёна распачалі пасяўную. Сельгаспрадпрыемствы «Баршчоўскі», «Уцеўскае», «Завідаўскае» і «Добрушскі райаграсэрвіс» на раніцу аўторка пасеялі ўжо больш за 220 гектараў зерневых.
На прыгорку каля Жгуні працуюць у тандэме трактарысты Іван Горбаў і Валерый Хазаў. Першы на энерганасычаным «Беларусу» з сеялкай лідскай вытворчасці бесперапынна рухаецца па полі, Валерый раз-пораз запраўляе агрэгат насеннем аўса.
– Месцамі яшчэ мокра, – расказвае Іван. – Аднак надвор’е спрыяе, чакаць, пакуль усё высахне, нельга. Таму выбіраем прыгоркі і месцы, дзе глеба дастаткова прагрэлася, а трактар не грузне. Нельга ўпусціць аптымальныя тэрміны. Ды і на чарзе сяўба астатніх зерневых, кукурузы. Кожнай культуры – свой час.
Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, яравых зерневых і зернабабовых у гэтым годзе патрэбна пасеяць больш за 8 тысяч гектараў. А калі ўлічыць проса, грачыху, бульбу і кукурузу, то яравы клін павялічыцца амаль да 25 тысяч гектараў. Вось дзе на самой справе нельга ўпусціць ніводнай гадзіны.
