Працоўныя будні лагера раённага цэнтра дадатковай адукацыі вучаць падлеткаў галоўнаму

43 шторы. Менавіта столькі адзінак тэкстыльнага дэкору дзяўчынкі-швачкі вырабілі для ўпрыгожвання РЦДА.

– Вядома, эстэтыка ў дзіцячых установах выконвае значную ролю, – адзначыла загадчык аддзела Ірына Шкаруба. – У прыгожае месца выхаванцы спяшаюцца з большай ахвотай, але ў першую чаргу новыя фіранкі нам патрэбны з практычнага пункту гледжання: каб засцерагацца ад сонейка.

У майстэрню пад кіраўніцтвам Наталлі Мядзведзевай запісаліся як дзяўчынкі, што ведаюць асновы работы на швейнай машынцы, так і навічкі.

– Я зараз намётку раблю, – расказала вучаніца СШ №1 Добруша Дар’я Лубцова. – Прыйшла ў лагер працы і адпачынку, шчыра скажу, каб атрымаць першы заробак і вопыт шыцця. З дзяўчынкамі вось пазнаёмілася.

– А мне сам працэс падабаецца, – з усмешкай падкрэсліла 14-гадовая Соф’я Папкова. – Аднакласніца прапанавала, і я згадзілася адразу ж. Вось на шторах навучуся рабіць роўныя радкі і, можа, асмелюся сшыць сабе першую сукенку, хаця б для дома. Гэта ж так цікава!

Не толькі юныя дабрушанкі праводзяць канікулы ў цэнтры, а не на пляжы. Іх аднагодкі-хлопцы таксама пры справе. У фартухах і рабочых пальчатках, некаторыя – і ў спецыяльных акулярах, каб драўляны пыл у вочы не ляцеў.

– Мы робім з бруса і металічнай сеткі выставачныя стэнды, па іншаму – экспазітары, – падзяліўся з журналістамі раёнкі наведвальнік лагера Ягор Катляроў. – З іх дапамогай будуць прэзентаваць малюнкі нашых мастакоў, афармляць фотазоны.

Дарэчы, Ірына Шкаруба ­адзначыла, што металічная сетка не застанецца ў натуральным выглядзе, яе аплятуць стужкамі. Узорамі паслужаць элементы нацыянальнага беларускага арнаменту. Адным вокам падгледзелі пробны экзэмпляр – на ім чырвоная «зорачка»-васьмірог, сімвал сонца, урадлівасці, жыцця.