Пра заганы, важнасць сіласу і лепшага рацыяналізатара фабрыкі

Прыкметнае для Добрушчыны ад 10 чэрвеня розных гадоў

1948 год

Растранжырваюць зярно

Цяжка, вельмі цяжка старшыні праўлення калгаса «Новае жыццё» Крупецкага сельсавета Аляксандру Бондараву супакоіцца тым, каб не дапусціць у сваёй дзейнасці што-небудзь такое, якое ідзе ў разрэз з інтарэсамі грамадскай гаспадаркі і Статутам сельскагаспадарчай арцелі. Прывабнасць пажывіцца за грамадскі кошт, выпіць за разбазараныя прадукты ці зярно так і прымушаюць яго пайсці на злоўжыванні.

Чарговая махінацыя была прароблена нядаўна. З калгаснай кладовай старшыня праўлення прадаў за значную цану 16 кілаграмаў зярна грамадзяніну Сямёнаву. «Выручку» Бондараў разам з другімі «віднымі» асобамі калгаса… прапілі ў той жа дзень…

К. Шустаў

 

1959 год

Не марудзіць з нарыхтоўкай сіласу

…Да апошняга часу ў калгасах сілас выкарыстоўваўся ў асноўным малочнай жывёле, нормы нарыхтоўкі яго былі вельмі нізкія. На зімоўку жывёлы ў 1955 – 1956 годзе ў сярэднім на адну карову было нарыхтавана па 2,6 тоны сіласу, таму і сярэдні надой на карову ў 1956 годзе быў нязначны – 1247 кілаграмаў.

Па 4,6 тоны на карову было нарыхтавана сіласу на стойлавы перыяд 1957 – 1958 года. Сярэдні надой у 1958 годзе складаў ужо 1801 кілаграм на 1 карову.

Калгасам нашага раёна ўстаноўлена заданне па закладцы сіласу ў колькасці 108,465 тоны.

П. Жураўлёў,
галоўны заатэхнік райсельгасінспекцыі

 

1981 год

У пошуку творчым

Аляксандр Ягоравіч Яўменаў на фабрыцы «Герой працы» з’яўляецца механікам рамонтна-механічнага цэха, абслугоўвае папераробчыя машыны. Нядаўна ў жыцці Аляксандра Ягоравіча адбылася радасная падзея – за працоўныя поспехі ён узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Механік рамонтнага цэха з’яўляецца лепшым рацыяналізатарам фабрыкі. Яго распрацоўкі заўсёды накіраваны на павышэнне прадукцыйнасці працы, эканомію сыравіны і матэрыялаў, стварэнне лепшых умоў працы для рабочых.

Два гады выкарыстоўваецца стацыянарны з’ёмнік для дэмантажу рабочых колаў насосаў папераробчых машын. З дапамогай гэтага механізму рамонтнікі значна скарачаюць тэрмін абслугоўвання машын. Ад выкарыстання навінкі атрымана 2 тысячы рублёў эканоміі…

М. Васільеў