Падлеткі з Кармы Добрушскага раёна падлічылі і вырашылі: часу хопіць і на адпачынак, і на дапамогу ва ўборачнай

Атрад з энергічнай назвай «Ударнік» распачаў работу ў сельгаспрадпрыемстве «Абарона» з мінулага тыдня. Як раз з таго часу, як пры мясцовай школе адкрылі лагер працы і адпачынку. У яго запісалася пятнаццаць чалавек ад 14 да 16 гадоў.

– Для старшакласнікаў гэта зразумелая і цікавая форма работы, – расказала настаўнік Любоў Траянава, якая бесперапынна знаходзіцца побач з дзецьмі. – Для бацькоў – тым больш зручна. Вядома, што ёсць тут жаданне падлеткаў паспрабаваць уласныя сілы і зарабіць першыя грошы. Папярэдне сума абгаворваецца, як і аб’ём, працягласць работ. Таму кожны, хто сёння ва «Ударніку», сам вырашыў стаць памагатым у сельгаспрадпрыемстве.

Дакладна ў дзень візіту журналістаў раённай газеты настаўніца і рабяты былі занятыя на зернетаку гаспадаркі: адна група старанна выдаляла траву на незаасфальтаваным пятачку каля гаража (чысціня перш за ўсё!), іншыя – змяталі прывезеную з палеткаў пшаніцу.

– Літаральна пяць хвілін таму выгрузіўся чарговы МАЗ, – адзначыў адзін з атрадаўцаў Ілля Сухамлін. – Для нас гэта значыць, што трэба хуценька брацца за мётлы ды зрабіць кампактную залатую горку. Зярнятка да зярнятка. Потым наступны грузавік прыедзе і забярэ ўраджай на перапрацоўку. І так дзясяткі разоў у дзень.

Спачатку сняданак. Далей хлопцы і дзяўчаты працуюць па чатыры – чатыры з паловай гадзіны з перапынкамі. І зноў – у школу. Там гарачы абед, развагі, карысныя лекцыі… Прафілактыка не спыняецца нават летам.

– Адзін дзень могуць папярэджваць аб кіберзлачынцах, другі – паўтараць правілы паводзінаў на пляжы. Таксама робім плакат аб нашай змене, – адзначыла адзінаццаціклас­ніца Валерыя Амельчанка. – Я ўжо ў лагеры трэці год запар. Жадаючых шмат, таму стараюся адной з першых падаць заяву, хуценька прайсці медкамісію. Тут мае сябры, ды і ўвогуле падабаецца.

Лагер працы і адпачынку ў Карме будзе працаваць да 31 ліпеня, а значыць, самыя гарачыя для аграрыяў дні школьнікі будуць на падхваце, робячы свой невялікі, але важны ўнёсак у агульную справу – хлеб убіраць.