Нераўнадушныя жыхары Крупца пачысцілі і добраўпарадкавалі вулічны калодзеж

Абноўлены аб’ект , які з’явіўся ў аграгарадку стараннямі саміх сяльчан, знаходзіцца на вуліцы Першамайскай. Пакуль ішлі да яго з цэнтра населенага пункта разам са старшынёй сельвыканкама Вольгай Давыдоўскай, убачылі і вынікі іншай работы па добраўпарадкаванні, за якое актыўна ўзяліся мясцовыя жыхары.

Больш за ўсё намаганняў у гэтай справе прыкладае Мікалай Ляшчынскі. За ўласныя сродкі ён наняў тэхніку, каб выраўняць і вызваліць ад кустоўя дарогу, што пралягае праз мясцовую рачулку і якой карыстаюцца многія крупчане. Мужчына вырашыў і пытанне збору смецця, якое раней тут сустракалася: урнамі сталі прымацаваныя да ствалоў дрэў вялікія мяхі. Зазірнуўшы туды, мы пераканаліся, што прыстасаванне выкарыстоўваюць па прызначэнні, а вакол – чысціня.

– Мікалай заняўся яшчэ і выхаваннем культуры паводзін у дзяцей, – заўважае кіраўнік мясцовай улады. – І наогул ён чалавек сумленны, неабыякавы. Акрамя таго што многае робіць сам, траціць уласныя грошы, ён заўсёды першым уплачвае самаабкладанне і паказвае прыклад аднавяскоўцам.

На пытанне аб тым, што натхняе на такія добрыя ўчынкі, Мікалай Ляшчынскі адказаў, што ён тут жыве, хаця гэта і не яго малая радзіма, таму хоча, каб у аграгарадку было камфортна. А хто, як не самі жыхары, дапамогуць у гэтым мясцовай уладзе.

Вольга Давыдоўская між тым адзначае, што ў Крупцы нямала ініцыятыўных і ўмелых людзей. Дзякуючы аднаму з іх, Сяргею Жгельскаму, кало­дзеж на вуліцы Першамайскай атрымаў не толькі другое жыццё, але і новую «вопратку». Драўляны агаловак, разная агароджа вакол запатрабаванага аб’екта, дах з устаўкамі з празрыстага полікарбаната, незвычайны флюгер наверсе, лавачкі, «мяккая» падлога ўнутры церамка – гэта і іншае створана яго майстравітымі рукамі. У планах – высадка дэкаратыўных раслін, што дадасць тэрыторыі эстэтыкі і магчыма нават зробіць яе маленькім турыстычным аб’ектам.

Аднак самай складанай і затратнай часткай работ па прывядзенні да ладу старога калодзежа аказалася яго ачыстка. Мікалай Ляшчынскі расказаў, што амаль год шукаў неабходных спецыялістаў. Праблемай стала глыбіня: ад паверхні да вады – 17 метраў. Мэтанакіраванасць і настойлівасць мужчыны прывялі да поспеху. Прадстаўнікі фірмы з Оршы прыехалі на некалькі дзён у Крупец і зрабілі ўсё як трэба. Цяпер жыхары вуліцы, на якой нярэдка здараюцца перабоі з водазабеспячэннем, з задавальненнем напаўняюць вёдры сцюдзёнай чысцюткай вадкасцю.

Дарэчы, на гэтай жа вуліцы ёсць яшчэ адзін калодзеж, які пачысцілі і аднавілі жыхары. Ён выглядае больш сціпла, але таксама прыгожы і надзейны. Старшыня сельвыканкама не нарадуецца землякамі:

– Ёсць людзі, якія чакаюць, што да іх нехта прыйдзе і вырашыць іх пытанні, а ёсць такія, як у Крупцы: узяліся і зрабілі. Дзякуй ім за неабыякавасць і дапамогу!

фота Яўгена УСЦІНАВА