Навучэнцы політэхнічнага каледжа ў Добрушы шыюць навалачкі для інтэрната. Канструкцыя – стандартная, афарбоўка – жыццярадасная

Майстэрню на пятым паверсе напаўняюць стракатанне швейнай машыны, ціхі шоргат і бадзёрая мелодыя, што даносіцца з кутка.

– Мне з радыё весялей, моладзь таксама за,– усміхаецца куратар праекта Лілія Ярац. – У майстэрні працуе ўжо другая група юнакоў і дзяўчат за лета.

Першая каманда ў ліпені краіла і шыла прасціны, цяпер падлеткі да іх у камплекты дадаюць паўсотні навалачак.

Калі ж чакаць «кашулі» для коўдраў? Аб гэтым спыталі майстравітых рабят.

– А мы іх шылі ў мінулым годзе, – тлумачыць трэццякурсніца Алеся Сцепанцова. – Таму, калі прапанавалі зноў прыяднацца да шыўцоў, не марудзіла з адказам. Вядома, запісваюся! Тым больш што працуем не больш за дзве гадзіны ў дзень, а потым увесь час вольны. Толькі адпачывай!

У кожнага з дванаццаці юных удзельнікаў праекта другаснай занятасці свае задачы: Ігар і Ягор раскройваюць бязь у пазітыўных колерах, Алеся падкладвае беражок і заколвае яго шпількамі, Алена намётвае матэрыял.

За шыйнай машынкай навучэнка Юлія. Педагог з хітрынкай кажа, што дзяўчына так адказна адносіцца да працэсу, што іншых падлеткаў да тэхнікі не падпускае. А тая толькі пацвярджае словы Ліліі Пятроўны і далей пракладвае радок па баку вырабу.

Будучы повар-прадавец Уладзімір Нікіцін побач з «калегамі» акуратна складвае гатовыя навалачкі. І атрымліваецца ў юнака гэта, як пад лінеечку.

– Бярэце за верхнія куты, некалькі разоў трасеце навалачку для таго, каб швы сышліся адзін да аднаго. Пасля можна пакласці бялізну на стол і рагладзіць тканіну рукамі, – кансультуе журналістаў хлопец. – Я сам мясцовы, але таксама жыву ў інтэрнаце каледжа, буду спаць на гэтых навалачках. Прыемна пасля напружанага вучэбнага дня адпачываць на падушцы з навалачкай, якую зрабіў разам з таварышамі.

Для таго, каб выканаць праект, закупілі цэлы рулон бязі даўжынёй 41 метр. Зараз, калі работа на дзве трэці завершана, юныя шыўцы разумеюць: на 50 запланаваных адзінак пасцельнай бялізны хопіць. Нават на бонусную навалачку павінна застацца.

Працаваць камандзе шыўцоў засталося да канца тыдня. А далей разлік і апошнія забегі па магазінах за канцылярыяй і ўсім неабходным. Верасень не чакае.