1948 год
Зробім культурнымі горад і вёскі
За час, прайшоўшы пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі, у горадзе і ва ўсіх насялёных пунктах нашага раёна прароблена значная работа па залечванню ран, нанесеных вайной. На месцы былых папялішчаў і развалін узніклі новыя дамы. Змянілася аблічча горада, вёсак, пасёлкаў.
… Дзяржава адпускае на мерапрыемствы па прывядзенню ў парадак насялёных пунктаў велізарныя асігнаванні. Між тым, сродкі выдаткоўваюцца зачастую не поўнасцю, няправільна, а то дык і выкарыстоўваюцца часткова. З года ў год не выконвае планаў капітальнага будаўніцтва і рамонтных работ па жыллёваму фонду, а таксама па ўпарадкаванню вуліц горада горкомунгас.
… Не надаецца патрэбнай увагі добраўпарадкаванню вёсак. У Жгуні, напрыклад, вуліцы настолькі забруджаны, што па іх цяжка праехаць, сорамна прайсці. Здавалася-б, што сельвыканком (старшыня Гуцаў) разам з грамадскасцю прымуць меры для навядзення элементарнай чыстаты вёскі. Але гэта пытанне нават і не ўзнімалася, быццам-бы бруд на вуліцах нармальнае з’явішча.
… Хоць цёплае надвор’е ўстановілася ўжо з поўмесяца, ніякага прыкметнага зруху ў навядзенні чыстаты, у пасадцы дрэў не назіраецца. Патрэбен шырокі размах работ… мясцовыя Советы, комсамольцы, піонеры павінны выступіць застрэльшчыкамі і ўзначаліць рух за правядзенне ачысткі вуліц, за масавае насаджэнне маладых дрэўцаў і дэкарацыйных кустоў, за прывядзенне ў парадак сквераў, паркаў, калодзежаў і г.д.
1959 год
Па прыкладу перадавой свінаркі
Свінарку Марыю Іванаўну Шаўчэнку па праву называюць майстрам жывёлагадоўлі. На ферме калгаса «Абарона» яна працуе з першых дзён арганізацыі калектыўнай гаспадаркі.
За працоўныя поспехі яна ўзнагароджана ордэнам Леніна. У 1958 годзе Марыя Іванаўна атрымала ад кожнай свінаматкі па 24 дзелавых парасяці.
– У гэтым годзе – першым годзе сямігодкі – я абавязуюся атрымаць па 27 дзелавых парасят ад кожнай свінаматкі, – заявіла перадавая свінарка.
Яе патрыятычнаму прыкладу паследавалі Марыя Алампіева, Ганна Мальцава, Тацяна Самахвалава, Марыя Траянава, Люба Мальцава і іншыя свінаркі.
Н. Парукаў
1981 год
Гарачыя абеды і… халодныя адносіны
… Галоўнай фігурай на веснавых палявых работах цяпер з’яўляюцца механізатары. Вось чаму праўленне калгаса імя Фрунзе паклапацілася стварыць для іх спрыяльныя ўмовы.
У гэтых мэтах на машынна-трактарным двары гаспадаркі адкрылі сталовую на 36 пасадачных месц. Для сейбітаў, якія рана выязджаюць у поле, створана магчымасць атрымаць гарачае снеданне. У памяшканні сталовай чысціня, парадак, яна абсталявана прыгожымі столікамі.
М. Плёсаў
***
Недаацэньваюцца пытанні быту ў нашым калгасе. Праўда, арганізавана двухразовае харчаванне сейбітаў. Толькі справа не прадумана да канца. Запазняецца дастаўка абедаў да механізатараў.
Снеданне гатова ўжо ў восем гадзін раніцы. Страву тут жа кладуць у кантэйнеры, вязуць у поле. Але дастаўляюць не на машынах, а на конях. Пакуль завязуць ежу, яна астывае, траціць смакавыя ўласцівасці. Такое становішча і днём. Абеды нярэдка па дзве-тры гадзіны знаходзяцца ў дарозе. Гэта адмоўна ўплывае на настрой людзей, іх выпрацоўку на палявых работах.
М. Трубкін, А. Ладзюкоў, механізатары калгаса імя Гагарына.



