На полі перад уездам у Дубовы Лог учора было ажыўлена. Два корманарыхтоўчыя камбайны бесперапынна курсіравалі па кукурузе, ад іх раз-пораз ад’язджалі то МАЗЫ, то трактары з нарошчанымі бартамі прычэпаў.
– Работа наладжана без паўз, – падзяліўся механізатар Уладзімір Арцюхоў. – Нават спыняць свой камбайн не даводзіцца. Вадзіцелі сінхронна мяняюцца каля агрэгата. Добра, што «плячо» невялікае: пакуль адна машына адвозіць масу да траншэі, другая знаходзіцца пад загрузкай, трэцяя ўжо напагатове.
Суразмоўнік – спецыяліст са стажам. На нарыхтоўцы кармоў працуе шосты год. Сваё «Палессе» нікому аддаваць не жадае. Тлумачыць, што спраў для яго хапае з вясны да восені.
– Улічваючы, што нам неабходна ўбраць больш за 1700 гектараў гэтай культуры на сілас, патрэбна спяшацца, – расказвае кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Добрушскі райаграсервіс» Юрый Бруянкоў. – Інакш якасць кармоў будзе неналежнай. Да таго ж у нашым актыве ўжо маецца больш за 1200 тон сена і 9033 тоны сенажу.
Усяго ў раёне запланавана ўбраць больш за 10 тысяч гектараў кукурузы на сілас. Да нарыхтоўкі на раніцу аўторка прыступілі пяць гаспадарак. Лідар па ўраджайнасці – «Уцеўскае» з паказчыкам 292 цэнтнера зялёнай масы з гектара.
Фота Яўгеніа УСЦІНАВА
