Лукашэнка: абраная народам трыяда дзяржаўных сімвалаў стала неад’емнай часткай нашай паўсядзённасці

Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка павiншаваў суайчыннiкаў з Днём Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. 

«Абраная народам трыяда дзяржаўных сімвалаў адлюстроўвае вопыт і традыцыі, няпросты гістарычны шлях нашай незалежнай і суверэннай дзяржавы, прыгажосць і самабытнасць сінявокай Беларусі. Яны разам з намі ў самыя адметныя моманты грамадскага жыцця і ўжо сталі неад’емнай часткай паўсядзённасці», — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што павага да герба, сцяга і гімна яднае беларусаў і ўзмацняе патрыятычны настрой у адносінах да важкіх дасягненняў краіны і суайчыннікаў. «І надалей гэтыя сімвалы будуць выклікаць пачуццё гонару, дачынення да лёсу Беларусі і адказнасці за яе будучыню», — падкрэслiў ён.

«Няхай у чыстым небе прыгожа лунае дзяржаўны сцяг, герб дэманструе ўсяму свету нашы волю, мудрасць і міралюбівасць, а душу кожнага кранаюць гукі дзіцячых галасоў падчас выканання гімна», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пажадаў суайчыннiкам здароўя, дабрабыту, новых поспехаў і перамог.