Напарнікаў па палетках Аляксандра Якавенку і Аляксандра Мядзведзева мы сустрэлі каля вёскі Васілёўкі. Праўда, разгледзець кабіны іх трактароў у клубах пылу было няпроста.
– Як дабрушанін, цяпла чакаў разам з усімі, а як аграрый, лепш бы працаваў пры папярэднім надвор’і, – гаворыць Аляксандр Якавенка. – Пякучае сонца абцяжарвае агляд і высушвае глебу. Але тут ёсць свае спосабы паскорыць працу, «абкатаныя» гадамі работы на зямлі.
А каб падцэліць адразу некалькіх «зайцаў», перад кукурузнай сеялкай у «Добрушскім райаграсэрвісе» ідзе тэхніка з мінеральнымі ўгнаеннямі. Як расказала галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Пацімат Гамідава, унясенне мінеральных угнаенняў непасрэдна перад сяўбой кукурузы (або адначасова з ёй) – гэта агратэхнічны прыём, накіраваны на максімальнае забеспячэнне культуры харчаваннем у крытычныя фазы росту і аптымізацыю вытворчых затрат.
– Заданне па кукурузе сёлета значнае. Трэба пасеяць 900 гектараў на зерне (ужо выканана) і 1670 гектараў – на зялёную масу, – распавяла суразмоўніца. – На гэтым фронце работ заняты тры сеялкі, чацвёртую па патрэбе можам падключыць у любы момант. Але па тэрмінах паспяваем, таму пакуль калегу Аляксандраў пераключылі на сяўбу шматгадовых траў.
Ураджай плануюць атрымаць большы, чым у мінулым сезоне, таму адказна ў гаспадарцы падышлі і да выбару пасяўнога матэрыялу. Стаўку зрабілі на гібрыды айчыннай селекцыі «палескі 212» і «палескі 101».
