Гасцініца на праспекце Міру і каруселі на востраве, магазін «Вышываны» і драўляны дом на пяць кватэр на праспекце Луначарскага, мост над чыгункай, пусткі на БМУ… На карце гэтыя аб’екты фізічна ўжо не існуюць, а на выявах майстра вулічнай фатаграфіі яны застылі, як прыхаваны ўнутраны пласт рэчаіснасці. Праз шэрыя выявы на белым фоне на гледачоў экспазіцыі вее цеплынёй успамінаў і любоўю да куточка Беларусі, дзе мы, дабрушане, жывём.
– Віктар Макаранка – шматгранны талент, і мы рады, што гэты мастак, фатограф, педагог творыць у родным райцэнтры, побач з намі, – адзначыў дырэктар музея Ягор Мычкін. – І да галоўнага свята кожнага грамадзяніна краіны мы адкрылі выставу яго здымкаў «Квітнеючая Беларусь». Сумесна з аўтарам мы сабралі дваццаць дзве пары здымкаў, на якіх выявы Добруша розных гадоў параўнаны з іх сучаснымі відамі.
У экспазіцыі няма канкрэтнага пачатку і заканчэння. У кожнай рамцы заключана міні-гісторыя, што парынае карэнных дабрушан не проста ў мінулае горада, а ў іх дзяцінства, юнацкія гады.
Таксама ў зале прадстаўлены старыя фотакамеры, якімі карыстаўся раней творца, кнігі па мастацтве фатаграфіі, інфармацыя аб Віктары Макаранку.
Пасля наведвання выставы хочацца вывучаць родны горад, аглядвацца вакол і браць у рукі камеру. Пакуль не знікла тое самае прыгожае імгненне, што заўтра стане часткай летапісу райцэнтра.

