Які адбор яшчэ да пасяўной праходзіць кожнае зярнятка, расказалі ў Добрушскай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін

Перад тым, як кінуць першую жменю насення ў баразну і распачаць новы аграсезон, аграномы ўсіх гаспадарак Добрушчыны прыязджаюць сюды.

– Лічу, што праверка яравых культур перад пачаткам вясновых работ – гіперважны этап, – адзначыла вядучы аграном-дзяржінспектар Марына Спаялэ. – Той вынік, які пакажа лабараторны аналіз, дапаможа спрагназаваць, які хімпрэпарат для прафілактычнай пратраўкі матэрыялу выбраць.

Суразмоўніца ўдакладніла: пробы зерневых правяраюць рулонным метадам. Гэта значыць, што ячмень, пшаніцу ды іншыя культуры змяшчаюць у вільготнае асяроддзе строга пры тэмпературы +20 – +25 градусаў на тыдзень. А потым спецыялісты глядзяць, якога колеру стала зерне. Калі ружовае ці бардовае – ёсць схільнасць да хвароб. Таму так важна падабраць правільны прэпарат-ахову, ад гэтага таксама залежыць валавы намалот увосень.

Пасля экспертнага заключэння Марына Спаялэ і яе калегі даюць сяльчанам рэкамендацыі, дзякуючы якім можна аптымізаваць сяўбу.

– Вось заклала ў тэрмастат чарговую партыю насеннага матэрыялу, – прадэманстравала палічку ў апараце вядучы аграном-дзяржінспектар. – Часу да пачатку сяўбы ня­многа, але ў нашай справе галоўнае – якасць, адпаведнасць стандартам і тэрміны. Будзе добрае насенне – будзе добры ўраджай.