Як перадавыя аграрыі Добрушчыны забяспечваюць захаванасць ураджаю

Аляксандр Скарабагаты дзесяць гадоў працаваў у сельгаспрадпрыемстве «Калінінскі» жывёлаводам. У гэтым годзе ён вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі аператара зернесушыльнага комплексу.

І адразу – рэкорд: разам з напарнікам Аляксандрам Кашпурам ён высушыў больш за дзве тысячы тон зерня і насення рапсу.

– Задача на першы погляд простая: давесці вільготнасць збожжа да стандарту, – расказвае суразмоўнік. – Аднак і гэтаму давялося вучыцца. Няхай і анлайн у Мазыры, аднак не скажу, што было проста. Затое ведаю ўсе тонкасці працэсу і патрабаванні да канчатковага выніку.

Дапрацоўка, сушка і ачыстка збожжа пачалася з першых дзён жніва. Спачатку прыняліся за рапс, вільготнасць якога ў полі складала 14-16 працэнтаў, а пасля дапрацоўкі – 8 працэнтаў. Да зерня патрабаванні іншыя, яго патрэбна давесці да 12 працэнтаў вільготнасці. Менавіта ад гэтага залежыць і працягласць працэсу.

– Загрузка сушылкі – 35 тон, – патлумачыў суразмоўнік. – Пры спрыяльных умовах апрацоўваем да двух бункераў у суткі. Добра, што працуем і днём, і ноччу па зменах. Нават на абед дамоў не ездзім – гаспадарка прывозіць ежу прама на працоўнае месца.

Пакуль размаўлялі з Аляксандрам, ад сушылкі ад’ехала чарговая машына. Значыць, працэс пойдзе па новай. Толькі паспявай мераць вільготнасць спецыяльным прыборам.

Нагадаем: аператары з «Калінінскага» высушылі 2135,8 тоны зерня, на другім месцы прадстаўнікі «Церахоўкі-Агра» Алег Малаеў і Фёдар Еўдасееў з паказчыкам у 1110,7 тоны зерня. У тройцы лідараў з 750 тонамі высушанага зерня – Міхаіл Фей з «Баршчоўскага».