Прайсці міма прыгажосці на вуліцы Палявой у Добрушы і не спыніцца складана. Тэрыторыя каля дома нумар 24 прыцягвае позірк яркімі фарбамі і малымі архітэктурнымі формамі з дрэва. Гэты адрас, дарэчы, нам падказала чытачка раённай газеты. І вось мы на месцы. Пашанцавала і ў тым, што ўдалося сустрэцца з людзьмі, якія ператвараюць прыдамавую тэрыторыю ва ўтульны куточак для ўсіх жыхароў дома.
Ініцыятарам, аўтарам ідэй і майстрам, які заўзята ператварае іх у жыццё, стаў гаспадар кватэры на першым паверсе. Віктар Спраўцаў працуе абпальшчыкам на фарфоравым заводзе. Акрамя асноўнай работы, у яго ёсць некалькі хобі. Новае з’явілася нядаўна. Зімой ён займаецца зваркай, а ўлетку – тым, што дорыць радасць і стварае настрой суседзям. Яны хаця і не дапамагаюць, затое шчыра захапляюцца першымі вынікамі творчай працы.
– Памочнікі мне і не патрэбны, – заўважае Віктар. – Люблю рабіць усё сам. А калі трэба, прашу сына Рамана. Разам з ім ездзім на мотаблоку па старыя пні, калоды, што служаць матэрыялам для падставак пад вазоны з кветкамі, іншых вырабаў.
Па задумцы аўтара «сэрцам» дэкаратыўнай кампазіцыі пад адкрытым небам стане канапа, яна, дарэчы, ужо гатова, паблісквае на сонцы свежым лакам. Паабапал размесцяцца крэслы ў такім жа стылі і круглы столік у цэнтры.
– Можна будзе сабрацца надвячоркам па-суседску, выпіць кубачак кавы, абмеркаваць свежыя навіны, – разважае майстар. – З-за пастаяннай занятасці людзі мала размаўляюць нават з блізкімі, вось і будуць нагода і ўмовы для такіх стасункаў паміж жыхарамі нашай вуліцы.
Духмянага водару і летніх фарбаў гэтаму куточку дадаюць клумбы ў абрамленні камянёў. Іх напаўненне – справа клапатлівых рук Наталлі, жонкі Віктара Спраўцава. Яна высадзіла ружы, петуніі, гваздзікі і шмат іншых раслін.
– Рана вы прыехалі, – з некаторым шкадаваннем кажа дабрушанін. – Мы толькі пачалі гэту справу. А восенню гэтыя мясціны сапраўды будзе не пазнаць!

