Парсючкі з жалудоў, практыкаванні для развіцця маўлення і ручное ткацтва. Гэта толькі нязначная частка таго, чым займаліся ў Церахоўскім дзіцячым садку ў дзень нашага візіту.
Утульна, як дома
Шэсць груп, 89 выхаванцаў, 42 з якіх – будучыя выпускнікі, 34 работнікі. Так выглядае ўстанова ў лічбах. Садок прасторны, атмасфера ўтульная, калектыў творчы. У гэтым мы пераканаліся падчас невялікай экскурсіі, на якую нас гасцінна запрасіла кіраўнік Людміла Кананок.
– У вас прыгожа і вельмі спакойна, – заўважаем, разглядаючы афармленне памяшканняў груп і калідораў, у дызайне якіх пераважаюць яркія колеры, бліскучыя элементы і іншыя вынікі крэатыўнага падыходу выхавальнікаў.
Задаволена ўсміхнуўшыся, загадчыца садка прапануе зазірнуць у абноўленую музычную залу. Сапраўды, тут светла і па-святочнаму нават у звычайны дзень. Для заняткаў харэаграфіяй з дзецьмі, бацькі якіх выбралі такую адукацыйную паслугу, ёсць усе ўмовы. А галоўнае – педагогі, якія натхняюць маленькіх танцораў на першыя поспехі.
Па эмоцыі – да дэфектолага
Перад дзвярамі кабінета настаўніка-дэфектолага сцішваем галасы. І нездарма: у Таццяны Траціннікавай як раз ідуць індывідуальныя заняткі. Мацвей старанна выконвае заданне педагога, выкладаючы па контуры малюнка рознакаляровыя каменьчыкі.
– А як гэта звязана з выпраўленнем дэфектаў маўлення? – цікавімся ў спецыяліста, дарэчы, аднаго з лепшых у раёне.
Аказваецца, марблы, так называюць маленькія шкляныя шарыкі, сёння часта выкарыстоўваюцца ў розных гульнях з дзецьмі. Рух пальцаў рук стымулюе дзейнасць цэнтральнай нервовай сістэмы, і дзеці хутчэй пачынаюць размаўляць. Да таго ж яркія каменьчыкі выклікаюць радасць, усмешку, станоўчыя эмоцыі.
Звярнулі ўвагу і на разнастайны дыдактычны матэрыял у чамаданчыках – цікавы, пазітыўны, ад якога быццам вее дабрынёй. Усё таму, што зроблены гульні, цацкі і дапаможнікі рукамі педагога.
Куды чаўночак, туды і нітка
Выхавальнікі рознаўзроставай групы тым часам засяродзіліся над прыладамі для ручнога ткацтва. Гурток «Чароўная нітка» працуе ў садку ўжо некалькі год, дзеці наведваюць яго бясплатна. Кіраўнік Ірына Кулеш знаёміць з тэхнікай беларускага ткацтва, вучыць вырабляць габелены і аплікацыі з нітак і тканіны. На стале, за якім сабраліся дзеці, – самаробныя ткацкія міні-станкі і чаўначкі, нарыхтоўкі і гатовыя работы. І хаця яны пакуль просценькія, але карысць такога занятку, па словах педагога, вялікая:
– Развіваюць дробную маторыку, фантазію, уменне спалучаць колеры, а таксама выклікаюць цікавасць да гісторыі і традыцый нашага народа.
Трапнасць у спорце і прафесіі
Пашанцавала з выхавальнікам і дзецям, якія наведваюць спецыяльную групу садка. Валянціна Сувіга – педагог вопытны, яе працоўны стаж у галіне – больш за 30 год.
– Люблю займацца з маленькімі, вучыць іх думаць, разважаць, рабіць штосьці карыснае, – расказвае суразмоўніца.
Асабліва падабаецца выхаванцам экалогія. У гуртку «Эказнайкі», які вядзе Валянціна Сувіга, дзяцей з чатырохгадовага ўзросту прывучваюць, што бытавыя адходы трэба раздзяляць, аб прыродзе – клапаціцца і не забываць пра ўласную бяспеку.
У куточку, дзе месціцца рабочы стол выхавальніка, – мноства дыпломаў, грамат і кубкаў. Сярод узнагарод за прафесійнае майстэрства ёсць і спартыўныя трафеі. Напрыклад, першае месца ў раённай галіновай спартакіядзе па дартсе. Невыпадкова ў калектыве яе называюць «наш трапны стралок». Прычым, у свой час яна ўдала нацэлілася і пры выбары прафесіі.
– Без такіх якасцей, як пачуццё адказнасці за справу, чуласць, дабрыня і любоў да дзяцей працаваць у дашкольнай адукацыі немагчыма, – пацвярджае кіраўнік установы. – Рада, што ў нашым калектыве сабраліся людзі, адданыя прафесіі, якая для іх стала важнай часткай жыцця.
Фота Яўгена УСЦІНАВА




