Алег КАРЧЭЎСКІ, вадзіцель, аг. Уць:
– Ніжнія Жары люблю! Гэта вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Усё дзякуючы майму захапленню – рыбалцы.
Там цякуць Днепр і яго прытокі, рыбы многа, прычым разнастайнай. Тут табе і судак, і шчупак, а таксама акунь, плотка, лешч… Абавязкова бяру ў кампанію сябра, запасаюся ўсім неабходным ды адпраўляюся на некалькі дзён паляваць улоў.
Таксама ў мяне ёсць невялікая мара – пабачыць на ўласныя вочы помнікі беларускай архітэктуры: Мірскі і Нясвіжскі замкі. Лёс склаўся такім чынам, што па жыцці мне больш прыйшлося бываць і працаваць у Расіі, але малую радзіму люблю, і цікавасць да роднага краю не згасае.
