Добрушскі медык падзялілася ўспамінамі аб рабоце ў суседнім раёне летам 1986 года

Аб выбуху на чацвёртым энергаблоку ў Прыпяці Людміла Ленец даведалася з тэленавін.

– У той час я вучылася ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце на чацвёртым курсе, – расказала суразмоўніца. – На другі дзень пасля здарэння, 27 красавіка, пабачыла інфар­мацыю ТАСС. Жаху не было, больш упэўненасць, што нашы ваенныя справяцца з сітуацыяй.

І студэнты-медыкі, у тым ліку наша гераіня, жылі далей. Людміла Ленец нават 1 мая з’ездзіла ў Маскву на экскурсію. А калі ад Веткаўскай бальніцы прыйшоў запыт на праходжанне практыкі, таксама не спасавала і не сумнявалася. У ліпені 1986 года, праз два месяцы пасля аварыі на атамнай электрастанцыі, дзяўчына пры­ехала набірацца медыцынскага вопыту ў суседнюю з намі Ветку.

Адзін з яркіх эпізодаў, які ўрэзаўся ў памяць суразмоўніцы: па дарозе на райцэнтр ёсць вёс­ка Хальч. Дык вось, там, каля яе, у ліпені 86-га амаль усе дрэвы скінулі лістоту. Голае вецце сярод ялінак у сярэдзіне лета…

– Мая работа была ў тым, каб сачыць за самаадчуваннем маленькіх жыхароў горада, – адзначыла дабрушанка. – Я, маладая медсястра, штодня абходзіла з урачом сем’і нованароджаных і больш старэйшых пацыентаў. Я не лічыла пры гэтым, колькі радыяцыі трапіць у арганізм. У маім прыярытэце заўсёды было здароўе дзяцей.

На забруджанай тэрыторыі, у Ветцы, педыятр працавала каля двух месяцаў, а потым вярнулася ў Гродна на вучобу. Інстытут суразмоўніца скончыла ў 1988 годзе і… вярнулася працаваць на Гомельшчыну, дзе ўжо бароліся з наступствамі тэхнагеннага здарэння. Тады ж наша зямлячка атры­­­мала пасведчанне ўдзель­­ні­ка ліквідацыі аварыі на Чарно­быль­скай атамнай электрастанцыі.

– У той час мы імкнуліся ўсімі сіламі засцерагчы насельніцтва, у тым ліку малых, ад наступстваў павышанага радыяцыйнага фону: выпісвалі дзецям вітаміны, кансультавалі бацькоў, падпіс­валі даку­менты на аздараўлен­не юных дабрушан у санаторыях краіны і па-за яе межамі. Нават сама ў пачатку 90-х была кіраўніком групы дзяцей, што адпачывалі ў Германіі.

Сёння Людміла Ленец таксама дапамагае берагчы стан здароўя дабрушан, у тым ліку – перасяленцам з іншых раёнаў Гомельскай вобласці, ліквідатарам аварыі. Гэта яе прафесійная падзяка тым, хто ў няпросты для краіны момант паставіў агульнае над уласным.