Для чаго азімым культурам «душ» з угнаенняў менавіта зараз? Аб гэтым спыталі работнікаў сельгаспрадпрыемства «Абарона» Добрушскага раёна проста ў полі

Ніхто не адмаўляе, што найактуальнейшая агратэма ў гэтыя дні – пасяўная. Толькі і мільгаюць тэматычныя ролікі ў сацсетках і на ТВ. Але «на другім плане», паралельна з задзелваннем у глебу зярнятак пшаніцы, ячменю і жыта, таксама шчыруюць механізатары-«несейбіты». А чым яны займаюцца?

Толькі паспявай

– Хутчэй чарніла ў ручцы скончацца, чым вы ўсе нашы надзённыя клопаты запішаце, – жартуе дырэктар гаспадаркі Васілій Шырко. – Сёння ні адзін вадзіцель, механізатар не туляецца без справы. Акрамя сяўбы, вывозім арганіку са сваіх ферм, падкормліваем азімыя зерневыя культуры. У тым ліку карбамідна-аміячнымі сумесямі, карацей – КАСамі.

Суразмоўнік адзначыў: аграрый Аляксандр Давыдзенка выйшаў на «Расе» на палеткі два тыдні таму. З таго часу кожны дзень коціць яго тэхніка па адталай руні, напітваючы маладыя раслінкі вадкімі ўгнаеннямі. Апрацавана больш за 1,3 тысячы гектараў восеньскіх пасеваў.

Паназіраць за працэсам «гадавання» давялося на полі за вёскай Агародня-Кузьмініцкая.

«Машына – звер, надвор’е – клас!»

Знаёмцеся: ужо сем гадоў нязменны тандэм «Абароны» на ўнясенні хімічных угнаенняў – гэта Аляксандр Давыдзенка і Леанід Мялешчанка.

– Цуда-агрэгат з кранікамі ды шлангамі – Сашына справа, – усміхаецца Леанід. – А мая чырвоная машына-цыстэрна тут, на ўскрайку зялёнай тэрыторыі. Кожныя дзесяць – пятнаццаць хвілін 800-літровы бак «Расы» трэба запраўляць КАСамі.

Бачна, што Аляксандр Давыдзенка пад’ехаў на дазапраўку да калегі літаральна толькі што: на сцяблінах пад нагамі пабліскваюць празрыстыя кроплі, у паветры лётае характэрны «хімічны» пах, а з-пад накрыўкі пластыкавага бака для ўгнаенняў «паўзе» лёгкая пена.

– Час не чакае. Хоць дзе-нідзе засталіся мокрыя мясціны, але работы патрэбна скончыць аператыўна, – падкрэсліў механізатар з Кармы. – На чарзе наступная задача – хімічная праполка рапсу. Павінны паспець. Машына – звер, надвор’е – клас. Умовы сёлета такія, што грэх наракаць. Таму працуем!