Меню аўторка для аграрыяў мы пабачылі ў пераростаўскай сталовай, што гатуе і для калег, і для работнікаў суседняй гаспадаркі. Кухняй тут кіруе вопытная Ірына Казлова. Загадчыца старанна надыктоўвае пералік страў, ад якіх і ў нас саміх апетыт прачынаецца.
– Колькасць порцый даведваемся з ранку. Толькі ў гэты раз сталуюцца ў нас 87 чалавек. Кожнаму трэба прыгатаваць гарачы абед, плюс яшчэ трыццаць падвячоркаў. Харчаванне пажыўнае, каларыйнае і, вядома ж, смачнае, – распавяла суразмоўніца. – А яшчэ – разнастайнае. Напрыклад, сёння ў меню суп з гарохам, макароны з курынай поліўкай, салата са свежых памідораў. Абавязкова – хлеб, булачка, чай. Да гэтага даём механізатарам, вадзіцелям з сабой на палеткі ліманад, ваду.
Колькі ж каштуе абед у перасоўнай «сталовай»? Аказалася, для работнікаў гэта не толькі максімальна зручна, але і выгадна. Па словах прафсаюзнага лідара «Калінінскага» Надзеі Дзергачовай, хлебаробы плацяць толькі дзесяць працэнтаў ад кошту ежы, астатняе кампенсуе гаспадарка.
Меркаванні саміх дэгустатараў мы даведаліся як раз падчас абедзеннага перапынку. Беручы з рук раздатчыцы Вольгі Новік талерку з першым, не можа стрымаць удзячнасці малады спецыяліст Вадзім Дабравольскі.
– Задаволены ўсім! – кажа загадчык мехмайстэрні.
І пакуль ён і яго таварышы сілкуюцца ды абмяркоўваюць надзённы фронт работ, «сталовая» на колах гатова рухацца далей. Яшчэ дзесяць кропак і дзясяткі аграрыяў, якія чакаюць наперадзе.
