Здымкам ваеннага часу падзяліўся з журналістамі «Добрушскага краю» жыхар аграгарадка Анатолій Рубанаў. Наш чытач цікавіцца гісторыяй, асабліва – мінулым роднага краю.
– Па фота многія жыхары вёскі і не толькі пазнаюць месца, дзе яно зроблена, – інтрыгуе краязнаўца-аматар.
Сапраўды, вежы Свята-Пакроўскага храма адразу пазнае кожны, хто быў у ім. Па словах Анатолія Рубанава, надпіс на здымку 85-гадовай даўніны ўказвае на перыяд прасоўвання фашысцкіх войскаў углыб тэрыторыі СССР. Бачна нямецкі аўтамабіль сувязі, за ім – калодзеж-«гусак».
Жыхарка вёскі Тамара Траціннікава дапоўніла інфармацыю і расказала, што некалі гэта прыстасаванне называлі «залатым калодзежам», бо вада ў ім была якаснай.
Да нашага часу ён, на жаль, не захаваўся. Па звестках кармянцаў, зараз недалёка ад месца, дзе стаяў папулярны ў вёсцы калодзеж, знаходзіцца помнік савецкім воінам.
