З прадстаўніцай прыгожай паловы калектыву, прафсаюзным лідарам, уладальніцай залатога значка «Фізкультурнік Беларусі» сустрэліся напярэдадні прафесійнага свята работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.
Настрой у Ірыны цудоўны яшчэ і таму, што ў душы пакуль не сціхлі прыемныя эмоцыі пасля ўрачыстасці, якую арганізавалі ў яе калектыве. Дарэчы, вечарына ўдалася і атрымала высокую ацэнку абласнога кіраўніцтва ў многім дзякуючы спецыялісту па кадрах першай катэгорыі: Ірына Тужыкава – нязменны рэжысёр і сцэнарыст карпаратыўных мерапрыемстваў.
– Наша праца складаная і надзвычай адказная, таму хочацца парадаваць калег, зрабіць для іх нешта важнае і прыемнае, – заўважае работнік кадравай службы з 20-гадовым стажам.
Па спецыяльнасці, якую атрымала ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, яна – юрыст, аднак шукаць работу давялося праз цэнтр занятасці. Пасля субяседвання ў некалькіх інстанцыях яе накіравалі ў калектыў добрушскіх газавікоў. Выкананне працоўнага заканадаўства, прававая дапамога, сувязі паміж структурнымі падраздзяленнямі – для Ірыны Тужыкавай цікавы ўсе аспекты справы.
– Сваю работу лічу творчай, мне падабаецца разбірацца ў юрыдычных казусах, дапамагаць калегам у вырашэнні службовых і нават асабістых праблем.
Між іншым, спецыялісту па кадрах ёсць што параіць з уласнага вопыту сямейнага жыцця: разам з мужам сустрэлі фарфоравае вяселле, выхоўваюць двух сыноў. Падтрымка і разуменне блізкіх натхняе Ірыну як у бытавых, так і ў службовых справах.
фота Яўгена УСЦІНАВА
