Мерапрыемства, якое стала часткай праекта «Школьны сад», – няновае, месца яго правядзення – традыцыйнае, арганізатары – Беларускі зялёны крыж і Уцеўская СШ. На гэты раз яно сабрала 17 каманд з 11 устаноў адукацыі, 32 удзельнікаў з нашага і двух – з Гомельскага раёнаў.
Найбольшае прадстаўніцтва было ў Добруша – прыехалі рабяты з дзвюх гарадскіх школ і гімназіі. Многія ўстановы адукацыі сфарміравалі па дзве каманды.
Падчас першага тура ўдзельнікам трэба было прайсці шэсць станцый і зарабіць балы за выкананне розных заданняў. Камусьці з рабят гульні падаліся складанымі, камусьці – наадварот: усё залежала ад здольнасцей кожнага. У цэлым, як адзначае дырэктар Уцеўскай СШ Ганна Станкевіч, усе працавалі засяроджана, пры гэтым кожны ўдзельнік разумеў, што ад яго вынікаў залежыць агульны бал каманды.
Мацнейшыя ўдзельнікі, у ліку якіх – прадстаўнікі СШ №2 Добруша, Ніўскай базавай і Кармянскай сярэдняй школ, прадоўжылі інтэлектуальныя спаборніцтвы ў другім туры. Ім трэба было за паўгадзіны сабраць канструкцыю з кубікаў Curobo вышынёй у тры паверхі ды яшчэ пракласці ў ёй шлях для шарыка па жалабах і тунэлях. Суддзі ацэньвалі арыгінальнасць ідэі, функцыянальнасць і эстэтычны выгляд канструкцыі. Лепшую стварылі Максім Бялоў і Вадзім Чуясаў з каманды «Супердвойка» СШ №2 Добруша. Другімі сталі Руслана Локцева і Вера Лызова з каманды «Патрыёты» Лапацінскай СШ Гомельскага раёна. На трэцім месцы – прадстаўнікі Кармянскай СШ Марыя Гусейнава і Аляксандра Прыходзька.
Турнір завяршыўся невялікім канцэртам і яркай цырымоніяй узнагароджвання. Пераможцы атрымалі заслужаныя дыпломы і прызы, удзельнікам і суддзям уручылі заахвочвальныя падарункі. Госці школы таксама адзначылі святочную атмасферу і добрую падрыхтоўку мерапрыемства.
Ганна Станкевіч у сваю чаргу падзякавала ўстановам адукацыі, якія адгукнуліся і падтрымалі цікавую і карысную ініцыятыву «Зялёнага крыжа».
– Спадзяёмся, што юныя інтэлектуалы прадоўжаць развіваць свае лагічныя і канструктарскія здольнасці не толькі ў гульнях, але і ў рэальным жыцці, – пажадала ўдзельнікам турніру Ганна Станкевіч.