Ацанілі відэамару. Вучаніца Пераростаўскай базавай школы Добрушскага раёна Паліна Сукаліна стала адной з пераможцаў конкурсу «Педагог – мая прафесія»

Як патлумачылі метадысты раённага методкабінета, чатырнаццацігадовая дзяўчына атрымала дыплом першай ступені ў катэгорыі «Відэаролік».

– У ім падлетак распавяла, чаму жадае пасля школы паступаць у педагагічную вну, – адзначыла кіраўнік методакабінета Таццяна Уласенка. – Абодва яе бацькі – настаўнікі. І па адной дысцыпліне (фізічная культура і здароўе). Сама ж дзяўчына марыць таксама быць настаўнікам, але беларускай мовы і літаратуры.

Узнагароджвалі пераможцаў творчага спаборніцтва ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел амаль 150 хлопцаў і дзяўчат з 90 устаноў адукацыі Гомельшчыны і горада Бранска (РФ).